Песні жальбы, якія ўзніклі ў Польшчы на пачатку XVIII стагоддзя, сталі важнай часткай каталіцкай традыцыі, асабліва ў перыяд Вялікага посту. Яны адлюстроўваюць глыбокія эмоцыі і разважанні над мукамі Хрыста, спрыяючы духоўнаму аднаўленню і пакаянню. Упершыню песни жальбы праспявалі ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве, і ў хуткім часе яны распаўсюдзілася таксама і ў Беларусі.

Песні жальбы не толькі ўзмацняюць духоўную сувязь з Хрыстом, але і запрашаюць вернікаў да глыбокага самаразважання і навяртання. Яны служаць як спосаб перажыць і адчуць пакуты Хрыста, што, у сваю чаргу, можа дапамагчы ў асабістым духоўным росце і аднаўленні веры. Такім чынам, гэтыя песні сталі неад’емнай часткай хрысціянскай культуры і духоўнага жыцця многіх людзей.

Натхненне (спяваецца ў пачатку кожнай часткі)

  1. Песні жальбы заспявайце!
    Сэрцы болем напаўняйце,
    сэрцы болем напаўняйце!
  2. Вочы, плачце, як крыніцы,
    дайце горкіх слёз напіцца (x2).
  3. Нават сонца, месяц, зоры
    сумна свецяць, нібы ў горы (х2).
  4. Поўніць неба плач анёлаў,
    ўжо мінуў іх час вясёлы (х2).
  5. Крышацца са страху скалы, –
    мёртвыя з магіл паўсталі (х2).
  6. Хто жальбу сваю ўстрымае:
    цэлы свет нібы канае (х2).
  7. Крыж Хрыстовы і кананне
    душы вострым болем раняць (х2).
  8. Моцай, ласкай, сілай ранаў
    знішчы злосць сэрц нашых, Пане (х2).
  9. Вось грэх мой перад Табою,
    змый яго святой крывёю (х2).
  10. У бяздонні мукаў Пана
    я з правін сваіх паўстану (х2).
Першая частка

З дапамогаю Божай ласкі пачынаем разважанне над мукаю нашага Пана Езуса Хрыста. Ахвяруем яго нябеснаму Айцу на праслаўленне і хвалу Ягонай Боскай велічы, пакорна дзякуючы за вялікую і надзвычайную любоў да чалавецтва, за тое, што спаслаў свайго Сына, каб цярпеў за нас жахлівыя пакуты і прыняў смерць на крыжы. Гэтае разважанне ахвяруем таксама дзеля ўшанавання Найсвяцейшай Панны Марыі, Маці Балеснай Божага Сына, а таксама на ўшанаванне св. Юзафа і тых святых, якія асабліва пабожна ўшаноўвалі муку Хрыста.

У першай частцы будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў у час ад малітвы ў садзе Аліўным ажно да несправядлівага абвінавачвання перад судом. Гэтыя знявагі Пана, якія Ён за нас цярпеў, будзем ахвяраваць, просячы за святы каталіцкі Касцёл, за Святога Айца і за ўсё духавенства, а таксама за непрыяцеляў Хрыстовага крыжа і ўсіх няверных, каб Пан Бог даў ім ласку навяртання.

Гімн

1. Жаль невыносны сэрца працінае, *
Езус мой любы келіх свой прымае; *
кленчыць у садзе,
льецца пот крывавы – *
Бог моцы, хвалы.

2. Пана святога вучань злы цалуе, *
войска цяжкія ланцугі рыхтуе. *
Без супраціву Езус іх прымае, *
нас выбаўляе.

3. Б’е і штурхае люд свайго Прарока, *
злосць і нянавісць,
гнеў на кожным кроку. *
Церпіць пакорна Бога Сын адзіны, *
чысты, нявінны.

4. Кроў запяклася, вусны пасінелі, *
 рукі ад цяжкіх ланцугоў змярцвелі.
 * Білі заўзята ледзь жывога Пана *
 ўсю ноч да рана.

5. Езу, мой Пане, дай дар пакаяння, *
дай мне, Езусе, ласку навяртання. *
Нашы правіны змыем мы слязамі, *
 зжалься над намі.

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на жахлівыя мукі, *
нібы ягня, Ты ў путы звязаны, *
Езу, мілы Пане.

2. Езу, пацалункам здрадлівым *
быў Ты праданы, *
Езу, мілы Пане.

3. Езу, перад смерцю ў садзе *
з неба прасіў ад Айца злітавання, *
Езу, мілы Пане.

4. Езу, на малітве ў самоце *
кроў заміж поту цякла струмянямі, *
Езу, мілы Пане.

5. Езу, пацалунак ад Юды *
Ты прыняў, не спаслаў пакарання, *
Езу, мілы Пане.

6. Езу, ланцугамі цяжкімі *
Ты, нібы злодзей, быў ноччу звязаны,*
Езу, мілы Пане.

7. Езу, прад суддзёю, нявінны, *
злоснымі кпінамі быў зняважаны, *
Езу, мілы Пане.

8. Езу, да Каяфы жаўнеры *
вывелі ў путах Цябе на світанні, *
Езу, мілы Пане.

9. Езу, злой рукою па твары *
быў моцна біты за праўды вызнанне, *
Езу, мілы Пане.

10. Езу,  праз ілжывых двух сведкаў *
падбухторшчыкам люду
быў Ты названы, *
Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

Размова душы з Маці Балеснай

1. Ах, я, Маці, ледзь трываю!
Смутак сэрца мне сціскае.
Раніць сэрца востры меч (х2).

2. О Марыя, што з Табою?
Так прыгнечана бядою,
бачу я Цябе ў слязах (х 2).

3. Што пытаеш? Боль ліхая,
мае сілы забірае,
сэрца кроў мне заліла (х2).

4. Маці Чыстая, Святая,
бачу, што Ты ледзь жывая,
боль замгліў Твой ясны твар (х2).

5. Сын мой любы, Сын адзіны,
змучаны, крывёй заліты,
цяжка ўжо Яго пазнаць (х2).

6. Маці ласкі і любові,
буду плакаць я з Табою,
боль хачу дзяліць з Табой (х2).

Напрыканцы кожнай часткі спяваем:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.

Другая частка

У другой частцы разважанняў над мукаю Пана будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад несправядлівага прысуду ажно да ўкаранавання цернем. Гэтыя раны і знявагі ахвяруем Пану, просячы супакою для нашай Айчыны, згоды паміж народамі, а для нас саміх – прабачэння грахоў, паратунку ад зямных няшчасцяў, а асабліва ад пажару, голаду, вайны і заразы.

Гімн

1. Грэшнікі, гляньце на пакуты Пана,
за грэх ваш цяжкі ён прымае раны.
Не лютасць катаў раніць Пана болем, * а злая воля.

2. Творцу сусвету судзяць людзі злосна,
б’юць, чыняць кпіны, абражаюць моцна.
Вуснаў збалелых Пан не адкрывае, * моўчкі трывае.

3. За грахі свету Езуса бічуюць,
грэшным патолю на вякі рыхтуюць.
Кроў, што са Збаўцы па слупе сцякае, * свет выбаўляе.

4. Свету гардыня венчыць скроні ружай,
на голаў Пана лёг вянок калючы.
Плашч апранае Езусу для жартаў, * злосная варта.

5. Езу, мой Пане, дай мне пакаянне,
каб мне спазнаці шчасце навяртання.
Нашы правіны змыем мы слязамі, * зжалься над намі.

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе супраць праўды,
хоць быў нявінны, злачынцам названы,
Езу, мілы Пане.

2. Езу, ад людзей жорсткіх, лютых,
горкую чашу прыняў зневажанняў,
Езу, мілы Пане.

3. Езу, тройчы Пятром у страху
нават знаёмым не быў Ты прызнаны,
Езу, мілы Пане.

4. Езу, у Пілата прад людам
быў Ты да крыві скатаваны,
Езу, мілы Пане.

5. Езу, з Цябе крыўдна і злосна
Ірад смяяўся і кпілі дварчане,
Езу, мілы Пане.

6. Езу, ў белай вопратцы здзекі
злосных жаўнераў
цярпеў Ты на світанні,
Езу, мілы Пане.

7. Езу, да слупа прывязаны,
нелітасціва Ты быў бічаваны,
Езу, мілы Пане.

8. Езу, дзеля большага болю
цернем калючым укаранаваны,
Езу, мілы Пане.

9. Езу, у плашч чырвоны жаўнерамі
здзекліва й злосна быў Ты ўбраны,
Езу, мілы Пане.

10. Езу, кроў праліў Ты святую,
невінаваты, цярпеў пакаранне,
Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

Размова душы з Маці Балеснай

1. Бачу Сына без адзення,
кроў з плячэй цячэ струменем.
Пад бічамі Сыне мой (х2).

2. Раны Сына, о Марыя,
жыватворныя, святыя,
мне на сэрца пакладзі (х2).

3. Бачу Сына я ў кароне,
церні моцна раняць скроні,
кроў сцякае па грудзях (х2).

4. Маці,  бачыш Сына ў муках,
Ты не будзь адна ў пакутах,
дай і мне спазнаць Твой боль (х2).

5. Як жа мне, той беднай Маці,
Сынаў крыж на плечы ўзяці,
каб паднесці з ім хоць крок (х2).

6. Маці ласкі і любові,
буду плакаць я з Табою,
боль хачу дзяліць з Табой (х2).

Напрыканцы кожнай часткі спяваем:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.

Трэцяя частка

У гэтай апошняй частцы будзем разважаць аб тым, што Пан Езус выцерпеў ад хвіліны ўкаранавання ажно да цяжкага скону на крыжы. Усе цярпенні, кпіны і крыўды, якія Ён зносіў, ахвяруем за грэшнікаў, каб Збаўца абудзіў іхнія заблуканыя сэрцы і натхніў іх да пакаяння і жыцця ў праўдзе, а таксама будзем маліцца за ўсе душы, якія церпяць у чыстцы, каб літасцівы Езус пагасіў сваёй Крывёю агонь іхніх мукаў. Будзем таксама прасіць Пана, каб Ён і нам у хвіліну нашай смерці даў ласку скрухі за грахі і дапамог вытрываць у надзеі да апошняй хвіліны жыцця на гэтым свеце.

Гімн

1. Жорсткае сэрца, ты яшчэ не плачаш,
ці ж мукаў Пана страшных
Ты не бачыш!
Езус Твой любы ўвесь крывёй сцякае,
сіл больш не мае.

2. Нас палюбіўшы, сышоў Езус з неба,
ды вось на плечы
крыж прымае з дрэва.
Пад ім Ён кленчыць,
млее, ўстаць не можа
добры наш Божа.

3. На крыж кладзецца, ціха церпіць мукі,
цвік, нібы джала, прабівае рукі.
Па-над зямлёю
Збаўцу крыж узносіць,
неба галосіць.

4. Дрэва святое, дай нам Збаўцы цела,
каб на табе ўжо болей не вісела.
Мы пахаваем Пана ў сумным гробе
з плачам ў жалобе.

5. Езу, мой Пане, прагну пакаяння,
прагну з надзеяй грахоў даравання
Нашы правіны змыем мы слязамі,
зжалься над намі.

6. Богу навекі хай жа будзе хвала
за ўсе знявагі – іх сустрэў нямала.
За нас цярпеў Ён, Бога Сын адзіны,
Збаўца нявінны.

Плач душы над пакутамі Езуса

1. Езу, на судзе ў Пілата
з ліхадзеямі быў параўнаны,
Езу, мілы Пане.

2. Езу, на Галгоце жахлівай
Ты смерць прыняў праз укрыжаванне,
Езу, мілы Пане.

3. Езу, з крыжам цяжкім ішоў Ты,
нёс на гару ўсіх грахоў дараванне,
Езу, мілы Пане.

4. Езу, да крыжа на Галгоце
быў Ты прыбіты тупымі цвікамі,
Езу, мілы Пане.

5. Езу, са злачынцамі разам
Ты прынародна быў пакараны,
Езу, мілы Пане.

6. Езу, кпіны, здзекі жаўнераў
боль узмацнялі, пяклі Твае раны,
Езу, мілы Пане.

7. Езу, на крыжы літасціва
злодзею ласку Ты даў паяднання,
Езу, мілы Пане.

8. Езу, воцат з жоўцю змяшаны
далі Табе піць ў хвіліну канання,
Езу, мілы Пане.

9. Езу, Ты знёс маўкліва пакуты,
ка’ты не чулі Твайго наракання,
Езу, мілы Пане.

10. Езу, з крыжа вучнямі зняты,
у грабніцы Ты быў пахаваны,
Езу, мілы Пане.

Хвала, пашана нашаму Пану * за ўсе знявагі, за бічаванне, * за ўсе цярпенні, за ўсе мучэнні, * за наша збаўленне.

Размова душы з Маці Балеснай

1. Ах, я Маці нешчасліва,
ўжо цярпець не маю сілы,
на крыжы Мой любы Сын (х2).

2. О Марыя, боль Твой люты,
пад крыжом Твае пакуты,
я хачу дзяліць з Табой (х2).

3. Вось канае Мой Сыночак,
закрывае Ён ўжо вочы,
Я канаю разам з Ім (х 2).

4. Маці, страшнаю бядою
падзяліся Ты са мною,
дай і мне спазнаць Твой боль (х2).

5. Ох, не чую Сына мовы,
Ён схіліў на грудзі голаў,
Я на свеце ўжо адна (х2).

6. О, Марыя, мукі Пана,
крыж, пакуты, боль і раны
буду ў сэрцы я насіць (х2).

Напрыканцы кожнай часткі спяваем:
Ты за нас цярпеў ад ранаў, * Езу Хрыстэ, * змілуйся над намі.