Першы драўляны касцёл у Гомелі быў пабудаваны ў 1631 г. па рашэнні караля Жыгімонта ІІІ Вазы. Верагодна, храм называўся ў гонар Святога Казіміра.

У 1822 г. у Гомелі пабудавалі новы мураваны касцёл, які замяніў стары будынак. Яго асвяцілі ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. У выніку рэпрэсій з боку савецкай улады ў 1937 г. быў арыштаваны і расстраляны апошні перадваенны пробашч гомельскай парафіі кс. Франц Чырскі. Тады ж быў закрыты касцёл, а ў 1940 г. яго цалкам знішчылі.

Адраджэнне парафіі настала ў 1989 г. з прыездам сюды кс. Славаміра Ляскоўскага з Люблінскай архідыяцэзіі. Першапачаткова вернікі збіраліся на малітву ў вартоўні на Навабеліцкіх могілках. Створаная супольнасць актыўна дамагалася ад улад Гомеля будынка для правядзення набажэнстваў. Месца, дзе раней знаходзіўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, было занята праезджай часткай дарогі, таму вернікі папрасілі аддаць ім будынак па адрасе вул. Савецкая, 118, які ў той час належаў камбінату «Мастацтва», а раней гэта была праваслаўная царква Нараджэння Багародзіцы, пабудаваная на тэрыторыі Новікаўскіх могілак у 1896 г. на сродкі сялян. Могілкі лічыліся праваслаўнымі, але на іх хавалі таксама католікаў. Да таго ж на іх некалі стаяла каталіцкая каплічка побач з царквой.

Гарадскі Савет народных дэпутатаў Гомеля задаволіў просьбу вернікаў 20 лютага 1990 г. У 1994 г. пачалося будаўніцтва касцёла на месцы колішняй праваслаўнай капліцы. Ксёндз Славамір Ляскоўскі свядома пакінуў касцёлу назву былой праваслаўнай царквы. Такім чынам, адроджаная парафія ў Гомелі мае тытул Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі.

Новы касцёл асвяціў тагачасны Апостальскі Адміністратар Пінскай дыяцэзіі Кардынал Казімір Свёнтэк 9 снежня 2000 г. У 2012 г. італьянскія майстры Фабіо і Ісмаэль Нонэс упрыгожылі інтэр’ер касцёла фрэскамі, выкананымі ў візантыйскім стылі.

На тэрыторыі парафіі дзейнічае Дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць», на базе якой існуюць дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў і Інтэграцыйны адукацыйна-тэрапеўтычны цэнтр. Таксама з 1993 г. на вул. Савецкай, 146а функцыянуе Дом міласэрнасці для найбольш патрабуючых, у якім служаць сёстры Кангрэгацыі місіянерак любові св. Тэрэзы з Калькуты.

Два разы ў месяц у касцёле адбываюцца набажэнствы грэка-каталіцкай парафіі Трох Свяціцеляў.

Калі ласка, звярніце ўвагу.

Храналагічную гісторыю з датамі можна паглядзець на старонцы Храналогія.