Калі ўключаем навіны – пра што чуем часцей за ўсё?
Св. Францішак Асізскі аднойчы пачаў гучна плакаць. Калі яго спыталі – чаму плачаш? – ён адказаў: «любоў не любімая» — людзі не любяць любові.
Пра што чуем часцей за ўсё ў навінах? Пра тое, што людзі не любяць любові – любоў не любімая.
Войны, забойствы, канфлікты, узаемнае асуджэнне, бясконцыя сваркі, абвінавачванні, агрэсія… Што гэта? – Гэта адсутнасць любові. Людзі не любяць любіць, не любяць любові.
Гледзячы на гэта, некаторыя пытаюцца – дзе Бог, калі такое адбываецца? Як Бог дазваляе, што такое адбываецца? На такое пытанне хтосьці адказаў: «спачатку людзі выгналі Бога са сваіх сэрцаў, дамоў, месцаў працы, школ, а цяпер пытаюцца – дзе Бог?»
Галоўная праблема гэтага свету – адсутнасць любові. Чалавек не любіць любові, не любіць любіць.
Якая першая запаведзь, якая найбольшая запаведзь? – Узлюбі Бога. Узлюбі бліжняга.
Варта звярнуць увагу, як пачынаецца і як заканчваецца гэты ўрывак. У пачатку чытаем: «Фарысеі, пачуўшы, што Езус прывёў садукеяў да маўчання, сабраліся разам. І адзін з іх, законнік, спакушаючы Яго, спытаў».
Фарысеі, людзі рэлігійныя, узорна трымаючыя закон Божы, прыклад у выкананні ўсіх рэлігійных правілаў, пачуўшы, што Езус прывёў да маўчання садукеяў, а значыць іншых рэлігійных людзей, таксама выдатна трымаючых правілы веры, закон Божы, прыйшлі да Езуса з пытаннем. Варта заўважыць, што фарысеі і садукеі спрачаліся адзін з адным, не любілі адзін аднаго. Фарысеі хацелі выкарыстаць Езуса ў гэтай спрэчцы, каб пацвердзіў, што яны маюць рацыю. Гэта як бы хрысціяне адной канфесіі пачалі крычаць – «мы маем рацыю, а гэтыя іншыя не маюць рацыі». І ў гэтым крыку чуваць злосць – няма любові.
Езус сваім адказам паказвае – не самае галоўнае, хто мае рацыю ў якойсьці багаслоўскай спрэчцы, галоўнае, каб любіць – каб любіць Бога і бліжняга.
У канцы сённяшняга Евангелля чуем: «На гэтых дзвюх запаведзях трымаецца ўвесь закон і прарокі». Літаральны пераклад слова, якое тут перакладзена як «трымаецца», будзе: вешаць, падвешваць, павесіць, вісець. А значыць – на гэтых дзвюх запаведзях вісіць закон і прарокі, а можам і сказаць – ад гэтых запаведзяў залежыць закон і прарокі. Без любові ўвесь закон ні да чаго, усё рушыцца. Ты можаш мець рацыю, але калі ў табе няма любові – ты не маеш рацыі. Твая праўда залежыць ад любові.
Езус кажа фарысеям – хто мае рацыю ў спрэчцы з садукеямі? Той, хто любіць. І што з таго, што вы дакажаце, што вы маеце рацыю, калі ў гэтым няма любові? Якія вы рэлігійныя людзі, калі ў вас няма любові?
Прыпомнім прытчу Езуса пра фарысея і мытара. Фарысей трымаў усё – малітвы, пасты, дзесяціну, трымаў усё, нават больш, чым было прадпісана, але з пагардай, з пагарджаннем глядзеў на мытара, які зайшоў у храм. Усё трымаў, але любові не меў.
Прыпомнім прытчу пра міласэрнага самараніна. Святар і левіт прайшлі міма, самаранін дапамог. Святар трымаў закон, калі б дакрануўся да крыві, быў бы нячыстым і не мог бы служыць у храме. Не дапамог чалавеку, каб захаваць закон. Закон трымаў, але любові не меў.
У многіх выпадках, калі хтосьці памыліўся, хтосьці няправільна паступіў, штосьці не так сказаў, мы пачынаем даказваць, што мы маем рацыю, але мы так даказваем сваю праўду, што чалавек плача, што чалавека пакрыўдзілі, насварылі, прынізілі… Так, я маю рацыю, закон на маім баку, але любові няма.
Калі ты маеш рацыю, але пачынаеш даказваць сваю праўду без любові – ты не маеш рацыі. Слуп, на якім трымалася права, твая праўда, рухнуў, а бо на ім трымалася, на ім вісела права, гэтая твая праўда, а значыць усё абвалілася. Няма праўды без любові.
Калі ты робіш камусьці заўвагу, даказваеш, што ты маеш рацыю, паказваеш, што хтосьці памыляецца, але робіш гэта без любові – ты не маеш рацыі.
Таму і войны, забойствы, канфлікты – бо ўсе хочуць даказаць, што яны маюць рацыю, але робяць гэта без любові.
Калі б кожны чалавек уключыў любоў, пастараўся адказваць, рэагаваць з любоўю, многіх трагедый бы не было. Але праблема ў тым, што людзі не любяць любові.
Варта падзяліць навіны на дзве групы – з аднаго боку навіны, якія гавораць пра любоў, з другога боку навіны, якія гавораць пра адсутнасць любові. Якіх будзе больш?
А калі б падзяліць нашыя ўчынкі, словы, эмоцыі, рэакцыі на тыя з любоўю і тыя без любові – якіх будзе больш?
Нават у сям’і, кожны дзень абмяркоўваем розныя праблемы, вырашаем пытанні, размаўляем, гаворым, робім заўвагі, спрачаемся… Калі б усе гэтыя нашыя словы, дзеянні і рэакцыі, жэсты прапусціць праз фільтр любові – што б засталося? Гаворым з любоўю? Рэагуем з любоўю? Робім штосьці з любоўю? Ці хутчэй за ўсё любові там няма, або цяжка яе заўважыць. Бачыш чалавека і думаеш – люблю цябе, люблю яго. І толькі пасля гэтага пачынаеш з ім размаўляць, рэагаваць, рабіць штосьці для яго.
Давайце паспрабуем сёння ўключыць любоў. Ужо хочацца насварыць кагосьці – ну бо я маю рацыю… І тут жа ўспамінаю – я яго люблю. Хочацца зрабіць заўвагу – я яго люблю. Хочацца пакрыўдзіцца на чалавека і не размаўляць – але ж я яго люблю.
Без любові – ты не маеш рацыі.
Цяжка так любіць?
Без любові Бога любіць бліжняга вельмі цяжка. Разумела гэта св. Маці Тэрэза з Калькуты, якая пачынала дзень з адарацыі Найсвяцейшых Дараў – гадзіну або дзве гадзіны, і толькі пасля гэтага ішла дапамагаць бедным, служыць жабракам і паміраючым.
Спачатку трэба ўсім сэрцам узлюбіць Бога, знаходзіць час для Бога, для малітвы, пасля гэтага лягчэй будзе любіць бліжняга.
Калі няма малітвы, калі мала малітвы – любіць цяжка.
Калі не прымаем любові ад Бога, адкуль нам узяць любоў для людзей.
І яшчэ першае чытанне:
«Так кажа Госпад: Прышэльца не ўціскай і не ўгнятай яго… Ні ўдавы, ні сіраты не ўціскайце». – Не ўціскай, не ўгнятай… (не крыўдзі, не прычыняй зла – у іншых перакладах). Бог абараняе слабых, бедных, жабракоў, безабаронных. Любоў бліжняга выяўляецца ў тым, што я не буду крыўдзіць чалавека, прычыняць зло, не буду ўціскаць, угнятаць… Па-першае – павага. Павага для кожнага чалавека, нават беднага, слабога, а можа і грэшнага, згубленага… Павага – не крыўдзіць. Гэта аснова любові.
Варта, каб і мы, як св. Францішак, пачалі плакаць, што любоў не любімая, што людзі не любяць любові і не любяць Любові.
Варта, каб мы пачалі плакаць, што мы не любім любові – Любові. Што ў нас так мала любові.
Божа, навучы мяне любіць, дай мне сілы любіць, дай ласку любові, каб я любіў любіць, каб я любіў Любоў.рамя Яго. Ён — Госпад і ў Яго нічога не выйшла з-пад кантролю.