«Жаніх ідзе, выходзьце яму насустрач!»

Сёння мы запрошаны да роздуму пра канец існавання; гэта папярэджанне Добрага Бога пра наш канец; таму не гуляйма з жыццём. «Тады падобна будзе Валадарства Нябеснае да дзесяці дзеў, якія ўзялі свае лямпы і выйшлі насустрач жаніху» (Мц 25,1). Канец кожнай асобы залежыць ад шляху, які яна выбера; смерць ёсць следствам жыцця — разважлівага або неразважлівага, — якое вялося на гэтым свеце. Неразважлівыя дзевы — гэта тыя, якія чулі пасланне Езуса, але не ўвасобілі яго ў практыку. Разважлівыя дзевы — гэта тыя, якія ўвасобілі яго ў сваё жыццё, і таму былі запрошаны на багацце Валадарства.

Прытча — гэта запрашэнне да сур’ёзнага роздуму. «Дык чувайце, бо не ведаеце ні дня, ні гадзіны» (Мц 25,13). Не дазвольце, каб лямпа веры згасла, бо кожная хвіліна можа быць апошняй. Валадарства ўжо тут. Запаліце лямпы алеем веры, братэрства і ўзаемнай любові. Нашыя сэрцы, поўныя святла, дазволяць нам перажыць сапраўдную радасць тут і цяпер. Тыя, хто жыве вакол нас, таксама будуць асветлены і спазнаюць радасць ад прысутнасці чаканага Жаніха. Езус просіць нас, каб ніколі не бракавала нам алею ў нашых лямпах.

Другі Ватыканскі Сабор, які выбірае вобразы Касцёла ў Бібліі, звяртаецца да гэтага параўнання маладой пары і прамаўляе наступныя словы: «Касцёл таксама прадстаўлены як няпорочная Нявеста беззаганнага Ягняці, якую Хрыстус палюбіў і аддаў сябе самога за яе, каб яе асвяціць, якую злучыў з сабою непарушнымі путамі і няспынна яе корміць і песціць і якую, ачысціўшы, захацеў мець злучанай з сабою і падпарадкаванай у любові і вернасці».