Ад найстаражытнейшых часоў май у Касцёле прысвечаны Найсвяцейшай Багародзіцы. Неад’емным элементам каталіцкай традыцыі на нашай зямлі выступаюць маёвыя набажэнствы, сэрцам якіх з’яўляецца спеў Ларэтанскай літаніі да Найсвяцейшай Панны Марыі. Гэта традыцыйнае і вельмі прыгожае набажэнства мае сваю гісторыю.

Развіццё марыйных набажэнстваў пачалося яшчэ ў часы ранняга хрысціянства адначасова з развіццём марыйнага культу. Сярод Айцоў Касцёла адным з найбольш акыўных распаўсюднікаў марыйнай пабожнасці быў св. Кірыл Александрыйскі (†444). Некаторыя даследчыкі менавіта яму прыпісваюць аўтарства першых маёвых набажэнстваў. Шэраг спецыялістаў сцвярджае, што сумесныя малітвы вакол упрыгожаных кветкамі выяваў Маці Божай былі даволі папулярнымі сярод хрысціян коптаў на тэрыторыі Егіпта. Аднак распаўсюджванне маёвых набажэнстваў, знешне больш-менш набліжаных да сучасных, пачалося нашмат пазней – прыкладна з канца XІІІ стагоддзя. У той час май у Каталіцкім Касцёле ўжо лічыўся марыйным месяцам. Іспанскі кароль Альфонс Х Мудры (†1284), нават выдаваў распараджэнні, каб людзі кожны вечар у маі збіраліся на малітву вакол фігур Багародзіцы.

Сапраўдны ж росквіт маёвых набажэнстваў у Заходняй Еўропе прыпадае на перыяд канца XVI – XVIII стагоддзяў. У гэты час шырокі распаўсюд атрымалі кніжачкі да набажэнстваў з разважаннямі. Першая такая кніжка пад назвай “Духоўны май” была надрукавана ў Германіі ў 1549 годзе. Вядома, гэта быў адказ на дзейнасць пратэстантаў, якія адкідвалі культ Маці Божай.

А вось, што датычыць славянскіх земляў, то сюды маёвыя набажэнствы дабіраліся доўга. Так, першае публічнае маёвае набажэнства ў Рэчы Паспалітай адбылося толькі ў 1837 годзе ў касцёле Святога Крыжа ў Варшаве. Тым не менш ужо праз тры дзесяцігоддзі маёвыя на прасторах даўняй Рэчы Паспалітай адпраўляліся ўсюды так, нібы гэта традыцыя налічвала сотні гадоў.

У 1859 годзе Святы Айцец Пій ІХ зацвердзіў тую форму маёвага набажэнства, якая існуе да нашых часоў. Яна складаецца з Ларэтанскай літаніі, духоўнага разважання і благаслаўлення Найсвяцейшым Сакрамэнтам. Прымаючы ўдзел у гэтых набажэнствах, мы аддаемся пад апеку нашай нябеснай Маці і просім яе навучыць нас даверу і любові да Бога, а таксама, “каб мы сталіся годнымі абяцанняў Хрыстовых”.