Ужо амаль чатыры месяцы Яго Эксцэленцыя арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія прадстаўляе ў Беларусі асобу Святога Айца Льва XIV. За гэты час высокі ватыканскі іерарх паспеў пазнаёміцца з рознымі каталіцкімі асяродкамі нашай краіны, а 7 кастрычніка здзейсніў свой першы візіт у Пінскую дыяцэзію.

Месцам пастырскага наведвання арцыбіскупа Іньяцыа Чэфалія стаў Дом міласэрнасці ў Гомелі, дзе з 1993 года ўсім патрабуючым служаць сёстры кангрэгацыі Місіянерак любові. Шырокай грамадскасці гэтыя манахіні больш вядомыя як сёстры Маці Тэрэзы. Менавіта святая Тэрэза Калькутская (†1997) заснавала першую супольнасць Місіянерак любові, якая акурат 7 кастрычніка 1950 года была зацверджана ў Калькуце (Індыя) на дыяцэзіяльным праве. Крыху пазней, у 1965 годзе, кангрэгацыя была зацверджана на пантыфікальным праве. Такім чынам, сёлета споўнілася 75 гадоў з дня афіцыйнага пачатку дзейнасці сясцёр. У нашы дні яны ажыцяўляюць служэнне ў 139 краінах свету. У Беларусі ж адзіным месцам іх місіі з’яўляецца Гомель. Таму зусім не выпадкова Апостальскі нунцый прыбыў у другі па велічыні горад Беларусі і самы ўсходні пункт Пінскай дыяцэзіі. Арцыбіскуп Іньяцыа Чэфалія разам з біскупам Пінскім Антоніем Дзям’янкам, біскупам эмэрытам Казімірам Велікасельцам, сакратаром нунцыятуры мансеньёрам Кшыштафам Сэрокам, ксяндзом канцлерам Андрэем Рылкам і святарамі Гомельскага дэканату дзякавалі Богу за дар служэння і харызмату сясцёр Маці Тэрэзы ў нашай краіне.

Святочны для сясцёр і мясцовага Касцёла дзень быў напоўнены разнастайнымі мерапрыемствамі: адбылася некалькігадзінная адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту і паказ дакументальнага фільма аб жыцці і дзейнасці святой Тэрэзы Калькутскай, а таксама арганізаваны абед для бедных. Кульмінацыяй дня стала Эўхарыстыя ў Доме міласэрнасці, у якой прынялі ўдзел шматлікія гомельскія вернікі, валанцёры і, канечне ж, жыхары Дома. Біскуп Антоній Дзям’янка ўзначаліў урачыстую цэлебрацыю, а прадстаўнік Святога Айца прамовіў гамілію. Высокі госць падкрэсліў узнёсласць і велічнасць служэння сясцёр, параўноўваючы іх жыццё да Літургіі, што няспына ўзносіць хвалу Богу. Пасля св. Імшы адбылася агапа, падчас якой можна было не толькі падсілкавацца ежай, але і правесці час у нефармальнай братэрскай атмасферы.

Пастырскі візіт арцыбіскупа Іньяцыа Чэфалія завершыўся 8 кастрычніка. Вяртаючыся да сваіх абавязкаў у Мінск, іерарх наведаў юбілейную святыню Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, пазнаёміўся з ходам будаўніцтва касцёла ў парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і наведаў Дабрачынную каталіцкую місію “Карытас”.