Чацвер 8 мая 2025 года стаў гістарычным для Каталіцкага Касцёла: амерыканскі кардынал Роберт Фрэнсіс Прэвост стаў 267-мым Папам, узяўшы сабе імя Леў XIV. Гэта еўрапейскае імя вядома з глыбокай старажытнасці і карысталася аднолькавай папулярнасцю як у грэцкай, так і ў лацінскай культурах. Носьбіты гэтага імені адразу ўспрымаюцца як мужныя і энэргічныя людзі. Прынамсі, такімі дакладна былі Папы, якія выступалі пад іменем Леў у гісторыі Касцёла. Давайце крыху прыгледземся да іх.
Адкрывае галерэю Папа Леў, які выконваў служэнне ў 440 – 461 гг. Ён першым з усіх пачаў карыстацца тытулам Найвышэйшы Пантыфік, шмат зрабіў для ўмацавання аўтарытэту папства і тэалагічнага абгрунтавання ідэі прымату Пятра. На яго пантыфікат прыйшоўся Халкідонскі сабор 451 г., які абараняў вучэнне аб тым, што Хрыстус – сапраўдны Бог і сапраўдны чалавек.
Крыху менш дванаццаці месяцаў з 682 па 683 гг. Касцёлам кіраваў Папа Леў ІІ. Ён рашуча абараняў чысціню каталіцкай веры, змагаючыся з ерасямі таго часу, а яшчэ адзначаўся клопатам пра бедных. А вось Леў ІІІ (795 – 816 гады пантыфікату) ўвайшоў у гісторыю як таленавіты дыпламат, мудры і дальнабачны палітык. Менавіта ён у дзень Божага Нараджэння 800 г. зрабіў караля франкаў Карла І імператарам і тым самым істотна аслабіў уплыў Візантыі на справы Касцёла ў Рыме.
Леў IV (†855) у гады свайго нялёгкага кіравання паспяхова наладзіў абарону Рыма, не даўшы яго захапіць войскам мусульман. Далейшыя пантыфікі з іменем Леў ажно да дзевятага па ліку не пакінулі ў гісторыі заўважнага следу. Што датычыць Льва IX (1049 – 1054), то ён быў апошнім Папам адзінага непадзеленага Касцёла. Праз тры месяцы пасля яго смерці летам 1054 г. адбылася трагічная падзея – раскол у Касцёле, пра які ў бытавой камунікацыі мы гаворым як пра падзел на католікаў і праваслаўных. Леў IX запомніўся як вялікі рэфарматар касцёльнай дысцыпліны. Ён актыўна супрацьстаяў пашыранай у тыя часы практыцы, калі свецкія ўладары самі вызначалі біскупаў на сваіх тэрыторыях, а таксама змагаўся з сіманіяй – продажам касцёльных пасадаў за грошы. Да таго ж Леў ІХ настойваў на абавязковым цэлібаце духавенства, дбаў пра яго маральны ўзровень і абараняў веру ў рэальную прысутнасць Хрыста ў Эўхарыстыі, палемізуючы з тэолагамі, якія сумняваліся ў гэтым.
Эпоха Льва Х (1513 – 1521) была адзначана правядзеннем Пятага Латэранскага сабору і пачаткам пратэстанцкай Рэфармацыі, ля вытокаў якой стаяў Марцін Лютэр і яго паслядоўнікі. Леў Х зрабіў усё магчымае, каб дастукацца да сэрца ўзбунтаванага Лютэра, але, нажаль, безвынікова. Апроч таго гэты Папа быў шчодрым мецэнатам, клапаціўся пра развіццё навукі, падтрымліваў мастакоў (асабліва Рафаэля) і калекцыянаваў старажытныя рукапісы. Менавіта пры ім Рым стаў успрымацца як культурная сталіца Еўропы.
Толькі 26 дней у красавіку 1605 г. змог пакіраваць Папа Леў ХІ. Ён хутка памёр пасля таго, як прастудзіўся падчас сваёй інтранізацыі ў базыліцы св. Яна на Латэране. Потым больш, чым 200 гадоў Львы не займалі Святы Пасад. Леў ХІІ з’явіўся ў гісторыі Касцёла ў 1823 г. Ён выконваў сваё служэнне да смерці ў 1829 г. і за гэты час шмат зрабіў для барацьбы з масонствам, абвясціў Юбілейны 1825 год у Касцёле, сачыў за тым, каб у Касцёле захоўваліся традыцыйныя звычаі і мараль.
Самай яркай фігурай стала асоба Святога Айца Льва ХІІІ. І не толькі таму, што гэта быў адзін з даўжэйшых пантыфікатаў за ўсю гісторыю хрысціянства – з 1878 па 1903 гг. Льва ХІІІ называюць айцом сацыяльнага вучэння Касцёла. Кожны адукаваны чалавек чуў пра яго энцыкліку “Rerum novarum” (1891), у якой былі глыбока прааналізаваны выклікі і сацыяльныя праблемы свету канца ХІХ стагоддзя, а таксама паказаны памылкі як сацыялістычнай, так і ліберальна-капіталістычнай ідэалогій. Папа выступаў за правы працоўных, падтрымліваў стварэнне прафсаюзаў, а разам з тым абараняў права кожнага чалавека на прыватную ўласнасць. У часы Льва ХІІІ Апостальская Сталіца навязала дыпламатычныя кантакты са Злучанымі Штатамі Амерыкі. У адносінах з праваслаўнымі Леў ХІІІ як ніякі іншы яго папярэднік праяўляў максімум павагі і талерантнасці. Ён выказваўся за дыялог і ніколі не называў усходніх хрысціян “схізматыкамі”, што было нармальным і пашыраным у тыя часы. Гэты Папа даў імпульс новым даследванням навуковай спадчыны св. Тамаша Аквінскага і фактычна найбольш паспрыяў развіццю філасофіі неатамізму. Ён жа заклаў падмуркі сучаснай каталіцкай біблеістыкі, паклікаўшы да існавання Папскую Біблейскую Камісію ў 1901 г. Леў ХІІІ смела выступаў супраць ерасяў і тэалагічных надужыванняў свайго часу, называючы ўсе праблемы па імені. Погляды Святога Айца знайшлі выраз у яго шматлікіх дакументах. Адных энцыклік было напісана 88 штук.
Такім чынам, цяперашні Папа Леў XIV мае за плячыма дастойных папярэднікаў. Няхай жа Бог Міласэрны дасць яму яшчэ большай мужнасці і моцнага здароўя, каб у нашыя няпростыя часы ён накіроўваў Касцёл да порту збаўлення.