Паводле малітоўніка «Бог Добры», выдавецтва Пінскай Дыяцэзіі Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі ў 2018 годзе.

Праз сакрамэнт святарства некаторыя хрысціяне ў імя Хрыста ўстанаўліваюцца святымі распарадчыкамі і атрымліваюць дар Духа Святога, каб умацоўваць Касцёл словам і Божай ласкай. Пан Езус, якога «Айцец асвяціў і паслаў у свет» (Ян 10,36), зрабіў наступнікаў Апосталаў, гэта значыць біскупаў, удзельнікамі свайго пасвячэння і місіі. Яны ў сваю чаргу правамоцным чынам і ў рознай ступені перадалі заданні свайго стану іншым асобам у Касцёле. Такім чынам, устаноўленае Богам кіраванне ў Касцёле, ажыццяўляецца на розных ступенях пасвячэння тымі, каго ад старажытнасці называюць біскупамі, прэзбітарамі і дыяканамі (Рымскі пантыфікал).

Біскупы, «пазначаныя паўнатою сакрамэнту пасвячэння», праз Духа Святога, які быў дадзены ім падчас ускладання рук, «сталі сапраўднымі і аўтэнтычнымі настаўнікамі веры, святарамі і пастырамі» і, як такія, яны ўвасабляюць сабой Хрыста, стаяць на чале аўчарні Пана.

Прэзбітары, хоць і не маюць паўнаты святарства і ў выкананні сваёй улады залежаць ад біскупаў, звязаныя з імі святарскай годнасцю і на моцы сакрамэнту святарства, падобна Хрысту, найвышэйшаму і вечнаму Святару (пар. Гбр 5, 1-10; 7, 24; 9, 11-28), пасвячаюцца, каб абвяшчаць Евангелле, быць пастырамі верных і спаўняць Божы культ як сапраўдныя святары Новага Запавету.

На дыяканаў ускладаюцца рукі не для святарства, а для служэння. Умацаваныя сакрамэнтальнаю ласкаю, у літургічнай паслузе слова і любові яны служаць Божаму народу ў еднасці з біскупам і яго прэзбітарамі.

Абавязкі вернікаў адносна святароў:

  1. Адносіцца да іх з належнай пашанай, як да намеснікаў і памочнікаў Хрыста Пана.
  2. Бараніць іх ад паклёпу.
  3. Аказваць дапамогу ў цяжкай душпастыскай працы, асабліва праз актыўнае апостальства.
  4. Праяўляць ахвярнасць на мэты выхавання і падрыхтоўкі кандыдатаў да святарства.
  5. Маліцца аб святарскіх пакліканнях і аб святасці для святароў (асабліва на працягу тыдня малітваў аб пакліканнях, у першы чацвер і першую суботу месяца).