Кожны раз, калі мы ўваходзім у якую-кольвек каталіцкую святыню ў пятую нядзелю Вялікага посту, мы бачым, што ўсе крыжы, якія ёсць у храме прыкрытыя фіялетавай тканінай. Так робіцца ўжо шмат стагоддзяў. Але з чым звязаны гэты звычай?

Перадусім трэба адзначыць, што, пачынаючы ад пятай нядзелі, перажыванне Велікага посту набывае асабліва пасійны характар. Гэта значыць, што ў літургіі яшчэ больш падкрэсліваецца тэма пакутаў нашага Збаўцы, а разам з тым непаўторнасць і веліч Яго ахвяры. Да літургічнай рэформы, якая стала вынікам Другога Ватыканскага сабору, пятая нядзеля посту нават мела назву “Першая нядзеля Мукі Пана”. У народнай пабожнасці ў некаторых мясцінах можна сустрэцца з назваю “чорная нядзеля” і са звычаем закрывання не толькі крыжоў, але і ўсіх абразоў.

І вось цяпер, маючы на ўвазе сказанае вышэй, варта прыгледзецца да некаторых гістарычных і культурных аспектаў, звязаных з выглядам каталіцкіх святынь. У нашы дні рэдка сустрэнеш багата аздоблены сучасны касцёл, чаго не скажаш, напрыклад, пра сярэднявечча. У старажытныя часы крыжы і абразы часта ўпрыгожвалі каштоўнымі камянямі і разнастайнымі элементамі дэкору з золата і срэбра. Гэта рабілася, каб падкрэсліць, што Хрыстус – Валадар і пераможца. Ды і сам Пан Езус мог быць прадстаўлены на крыжы не зусім як пакутнік, а хутчэй як ужо уваскрослы і праслаўлены. Такія выявы Хрыста характэрныя для раманскага мастацтва. Таму не трэба здзіўляцца, што іх закрывалі. Прычым да XVII стагоддзя крыжы завешваліся тканінай на ўвесь Пост, а не толькі на два апошнія тыдні.

На зыходзе сярэднявечча і ў далейшыя часы распяцці набылі больш натуралістычны характар, але звычай захаваўся. Апрача непасрэднай прычыны ўзнікнення, практыка закрывання крыжоў мае глыбокі духоўны падтэкст. Так, заслона – гэта сімвал пакуты за грахі, якая вядзе чалавека да ачышчэння сэрца. Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачыць (Мц 5, 8). Заслона – гэта заклік да нас, каб мы прагнулі нанова адкрыць прысутнасць Бога ў нашым жыцці. Апошнія тыдні Посту – найлепшая пара заспакоіць гэта прагненне. Схаваны ад позіркаў крыж павінен узбудзіць у чалавеку жаданне, з якім людзі звярнуліся да вучня Хрыста: Яны падышлі да Філіпа, які быў з Бэтсаіды Галілейскай, і прасілі яго, кажучы: Пане, мы хочам бачыць Езуса” (Ян 12, 21).

Паступова заслона будзе спадаць з Крыжа падчас Літургіі Мукі Пана ў Вялікую Пятніцу. У тую ж хвіліну, калі Хрыстус памёр, “вось заслона ў святыні разарвалася” (Мц 27, 51). Інакш кажучы, быў знішчаны непераадольны бар’ер, які аддзяляў чалавека ад Бога, былі пераможаны грэх і смерць. “Вось дрэва Крыжа!”, – будзе ўсклікаць святар, а народ адкажа: “Пойдзем з паклонам!”. Мы зноў усвядомім сабе, што страшная Хрыстова ахвяра прынесла нам збаўленне.