Вялікі Пост з’яўляецца перыядам падрыхтоўкі да самай галоўнай урачыстасці года – Змёртвыхпаўстання Пана. Лацінская назва гэтага літургічнага перыяду гучыць як Quadragesima, што даслоўна азначае “Святая чатырыдзесятніца”. Пост, такім чынам, працягваецца чатыры дэкады. Саракадзённы перыяд аўтарызаваны самой гісторыяй збаўлення. Так, напрыклад, Майсей прабываў на размове з Богам 40 дзён. Столькі ж часу прарок Ілля ішоў да Божай гары Гарэб. На 40 гадоў расцягнуўся пераход сыноў Ізраэля з егіпецкай няволі да абяцанай зямлі. Урэшце, Сын Божы Езус Хрыстус перад пачаткам публічнай дзейнасці правёў 40 дзён у пустыні ў малітве. Таму і Касцёл прысвячае Посту як часу асаблівага духоўнага аднаўлення адрэзак у 40 дзён.

Перыяд Вялікага Посту пачынаецца днём, які мае назву Папяльцовая Серада або Папялец. Сёлета ён прыпадае на 5 сакавіка. Літургія дня мае свае асаблівасці, звязаныя з абрадамі благаслаўлення попелу і накладання яго на голавы вернікаў. Традыцыя ўзнікла яшчэ у раннім хрысціянстве. Вернікі, якія зграшылі, слухалі Божае Слова і пакутныя псальмы, давалі пасыпаць сябе попелам і выганяліся са святыні. Гэты чын сімвалізаваў выгнанне Адама і Евы з раю. Вярнуцца ў эўхарыстычную супольнасць можна было пасля адбыцця ўсяго перыяду пакуты і перапрашэння за грахі.  Пакутнікі дзяліліся на чатыры катэгорыі. Першыя – гэта тыя, якія каяліся ў цяжкіх грахах. Яны называліся “плачучымі”. Такія пакутнікі стаялі пад дзвярыма касцёла і прасілі маліцца за іх. На другім узроўні былі тыя, каму ўсё ж дазвалялася ўвайсці ў храм, але толькі на час Літургіі Слова. Пакутнікі трэцяга ўзроўню стаялі на каленях у святыні і пакідалі яе перад самым пачаткам эўхарыстычнай часткі Літургіі, атрымаўшы спецыяльнае благаслаўленне.  Пакутнікі з чацвёртай групы маглі быць у касцёле на працягу ўсёй св. Імшы, але не прымалі Святой Камуніі. Паяднанне грэшнікаў з супольнасцю адбывалася ў Вялікі Чацвер.  З часам гэта практыка знікла, а з ХІ стагоддзя ў абрадзе пасыпання попелам могуць прымаць удзел усе ўдзельнікі св. Імшы.

Пасыпанне галавы попелам, Ю. Фалат. “Папялец” 1881 г.

Што самае галоўнае ў Вялікім Посце? Касцёл адказвае: пост, малітва і міласціна. Хоць у нашы дні ад вернікаў не патрабуецца радыкальнай аскезы ў галіне харчавання, варта усё ж пераглядзець свой рацыён, каб ён быў больш сціплым, чым звычайна. Але найважней адмовіцца ад удзелу ў забаўляльных мерапрыемствах. Умеркаванасць у падыходзе да ежы, піцця і забаваў дапамагае чалавеку здабыць унутраную гармонію і спакой.

Пост адкрывае нас таксама на іншых людзей, якім патрэбна дапамога. З грахамі, якія змывае вада святога хросту або слёзы пакаяння падчас споведзі, дапамагае змагацца міласціна. Святое Пісанне выразна кажа: “Адкупі свае грахі справядлівасцю, а сваё беззаконне міласэрнасцю да ўбогіх” (Дан 4, 24) і яшчэ “Вада гасіць палаючы агонь, а міласціна закрывае грахі” (Сір 3, 30).

«Сем спраў міласэрнасці», Мастер з Алкмара, 1504 г.

І вядома, што ўсебаковая праца над сабою і належная падрыхтоўка да пасхальных святаў немагчымы без малітвы. “Не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых” (Мц 4, 4). Маліцца і ўзносіць свае думкі да Бога можа нават чалавек, прыкаваны хваробай да ложка. Касцёл дае вернікам магчымасць удзелу ў разнастайных формах малітвы – традыцыйныя набажэнствы Крыжовага шляху, Песні жальбы, супольныя ранішнія або вячэрнія малітвы Літургіі гадзінаў (хвалы), адарацыі, рэкалекцыі і г.д. Пост, малітва і міласціна павінны дапамагчы нам паглыбіць любоў да Бога і бліжняга, аднавіць веру, надзею і любоў. Перыяд Вялікага Посту – гэта не толькі цяжкая праца над сабою, але і час, калі Бог шчодра дае нам сваю ласку.