Ахвяраванне Пана ў храме, аўтар Фра Барталамеа, 1516 г.
Ахвяраванне Пана ў храме,
аўтар Фра Барталамеа, 1516 г.

На саракавы дзень пасля Божага Нараджэння, 2 лютага, Касцёл адзначае свята Ахвяравання Пана, якое было вядома ў хрысціянстве як мінімум з IV стагоддзя. Варыянты яго грэцкіх назваў – Hypapante і Heorte tou Katharismou, перакладаюцца як свята сустрэчы або ачышчэння. Сустрэчы, бо ў дзень, калі Марыя з Юзафам прынеслі Дзіцятка Езуса ў святыню, Месія ўпершыню сустракаецца са сваім народам. Другая ж назва набліжае да нас пакору Найсвяцейшай Панны Марыі, якая выявілася, між іншым, у паслухмянасці тагачаснаму праву. Яно патрабавала, каб жанчына на саракавы дзень пасля нараджэння хлопчыка і на васьмідзесяты пасля нараджэння дзяўчынкі прайшла праз абрады рытуальнага ачышчэння.

Літургічнае святкаванне гэтага дня звязана з абрадам благаслаўлення свечак. Свечка – гэта сімвал Хрыста, які прынёс святло вечнай Праўды ўсім народам. Яна таксама сімвалізуе Марыю, пакорную слугу Пана, поўную ласкі, у душы якой заўсёды гарэла святло веры, надзеі і любові.

У нашай народнай традыцыі дзень Ахвяравання Пана часцей за ўсё называецца словам “Грамніцы”. Паходжанне гэтай назвы вельмі старажытнае і хутчэй за ўсё звязана яшчэ з дахрысціянскімі вераваннямі продкаў беларусаў. У нашым народзе з Грамніцамі звязаны некаторыя метэаралагічныя назіранні. Напрыклад, “калі на Грамніцы нап’ецца певень вадзіцы, то на Юр’я вол наесца травіцы” альбо “прыйшлі Грамніцы – скідай рукавіцы”. Асаблівай папулярнасцю сярод людзей карыстаюцца грамнічныя свечкі. Спакон веку імі было прынята выпальваць у доме знак крыжа на адной з бэлек столі (праўда, у сучасных дамах зрабіць гэта праблематычна), даваць свечку ў рукі хворым і паміраючым, трымаць іх каля немаўляці ў дзень нараджэння. У нашым гомельскім касцёле Нараджэння Маці Божай свечкі будуць благаслаўляцца на пачатку кожнай св. Імшы а гадзінах 9.00, 12.00 і 17.00.

З 1997 года ў Каталіцкім Касцёле па ініцыятыве Святога Айца Яна Паўла ІІ у свята Ахвяравання Пана адзначаецца Сусветны дзень кансэкраванага жыцця. Іншымі словамі, у касцёлах 2 лютага моляцца за тых, хто вырашыў прысвяціць сябе жыццю ў манастве. У Гомелі мы перадусім будзем маліцца за нашых сясцёр Кангрэгацыі місіянерак любові св. Тэрэзы з Калькуты, сясцёр Кангрэгацыі бэнэдыктынак-самарыцянак Крыжа Хрыстовага. Да таго ж трэба памятаць, што ў нашай суседняй парафіі Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі служаць святары манаскага Ордэна св. Паўла – першага пустэльніка. І, канечне ж, важна не забываць, што гэта свята нашага біскупа-эмэрыта Казіміра Велікасельца, які належыць да ордэну дамініканцаў і якому ў гэтым годзе споўніцца 80 гадоў.