У артыкуле выкарыстоўваецца афіцыйны пераклад Святога Пісання Рымска-Каталіцкага Касцёла.

Святы Юзаф быў цесляром, працоўным чалавекам: «Ці ж гэта не сын цесляра?» (Мц 13, 55). Ён не быў багатым, таму што, калі ён вёў Езуса ў храм для абразання і Марыі для ачышчэння, ён прынёс у ахвяру дзвюх галубоў, што дазвалялася толькі тым, хто не мог дазволіць сабе ягня (Лк 2, 24).

Нягледзячы на сціплую працу і сродкі, паходзіў з каралеўскага роду. Лука і Мацвей абодва адзначаюць яго паходжанне ад Давіда, найвялікшага цара Ізраэля (Мц 1, 1-16 і Лк 3, 23-38). Таксамі анёл, які першым гаворыць Юзафу пра Езуса, вітае яго як «сына Давіда» – каралеўскі тытул, які таксама выкарыстоўваўся для Езуса.

Сон Юзафа. Рэмбрант, 1645 г.

Вядома, што Юзаф быў спагадлівым, клапатлівым чалавекам. Калі ён даведаўся, што Марыя цяжарная пасля таго, як яны былі заручаны, ён ведаў, што дзіця не яго, але яшчэ не ведаў, што яна носіць Сына Божага. Ён ведаў, што жанчыну, абвінавачаную ў блудзе, могуць пабіць камянямі да смерці, таму ён вырашыў адправіць яе ціха, каб не падвяргаць яе ганьбе і жорсткасці. Але калі анёл прыйшоў да Юзафа ў сне і сказаў яму: «Юзэфе, сыне Давіда, не бойся прыняць Марыю, жонку тваю, бо зачатае ў Ёй ёсць ад Духа Святога. Яна ж народзіць Сына, а ты дасі Яму імя Езус, бо Ён збавіць народ свой ад грахоў ягоных», ён, абудзіўшыся ад сну, зрабіў, як загадаў яму анёл Пана, і прыняў жонку сваю, і не спазнаваў Яе, пакуль Яна не нарадзіла Сына, якому ён даў імя Езус (Мц 1, 19-25).

Калі анёл прыйшоў зноў, каб сказаць яму, што яго сям’я ў небяспецы, ён неадкладна пакінуў усё, што меў, усю сваю сям’ю і сяброў, і адправіўся ў чужую краіну з маладой жонкай і дзіцем. Ён знаходзіўся ў Егіпце без пытанняў, пакуль анёл не сказаў яму, што бяспечна вяртацца (Мц 2, 13-23).

Юзаф любіў Езуса, адзіным яго клопатам была бяспека даверанага яму дзіцяці. Ён не толькі пакінуў свой дом, каб абараніць Езуса, але пасля вяртання пасяліўся ў малавядомым горадзе Назарэт, баючыся за жыццё сваёй сям’і. Калі Езус застаўся ў храме, Юзаф (разам з Марыяй) тры дні шукаў Яго з вялікай трывогай (Лк 2, 48). Таксама вядома, што Юзаф ставіўся да Езуса як да ўласнага сына, бо жыхары Назарэта зноў і зноў гавораць пра Езуса: «Ці ж не сын Юзафа гэта?» (Лк 4, 22).

Юзаф шанаваў Бога і прытрымліваўся Яго загадаў ў вырашэнні сітуацыі з Марыяй, і адправіўся ў Ерузалем, каб абрэзаць Езуса і ачысціць Марыю пасля нараджэння Езуса. Ён кожны год браў сваю сям’ю ў Ерузалем на Пасху, што было няпроста для працоўнага чалавека.

Паколькі Юзаф не з’яўляецца ў публічным жыцці Езуса, а таксама падчас яго смерці і ўваскрасення, многія гісторыкі мяркуюць, што Юзаф, верагодна, памёр да таго, як Езус пачаў аб’яўляць сябе.

Юзаф з’яўляецца апекуном паміраючых, таксама апекуном Паўсюднага Касцёла, сем’яў, бацькоў, цяжарных жанчын, падарожнікаў, эмігрантаў, прадаўцоў, рамеснікаў, інжынераў і працоўных людзей.

У мастацтве Юзаф звычайна адлюстроўваецца як пажылы мужчына, з сівымі валасамі і барадой, часта лысеючы, часам выглядает квола і нязначна побач з Марыяй і Езусам, калі не цалкам на заднім плане. Некаторыя статуі Юзафа паказваюць яго посах, увянчаны кветкамі. Святога Юзафа паказваюць з атрыбутамі цеслярскага кутніка або інструментаў, немаўляткам Езусам, яго посахам і дзвюма галубкамі.

Было б добра ведаць болей пра св. Юзафа – дзе і калі дакладна ён нарадзіўся, як праводзіў дні, калі і як памёр. Але Святое Пісанне пакінула нам самае важнае: кім ён быў – «справядлівым» (Мц 1, 19).

Смерць святога Юзафа, паводле апакрыфічнай гісторыі. Жак Стэла, 1650-я гг.

19 сакавіка – урацыстасць св. Юзафа, мужа Марыі. Гэта свята было найбольш часта адзначаным святам Юзафа. Толькі ў 1955 годзе Папа Пій XII устанавіў свята «св. Юзафа Рамесніка», якое адзначаецца 1 мая, лічыцца, што ён адлюстроўвае статус Юзафа як заступніка працоўных.