Св. Дамінік Савіо

Святы Дамінік Савіо нарадзіўся ў красавіку 1842 года ў Турыне (Італія). З дзяцінства ён адрозніваўся незвычайнай пабожнасцю, а таксама спелай і глыбокай (для свайго ўзросту) верай. Ва ўзросце 7 гадоў ён прыступіў да Першай Камуніі, што ў той час было незвычайна, таму што дзеці маглі прыступаць да сакрамэнтаў толькі з 12 гадоў.

У дзень прыняцця ў сваё сэрца Ісуса Хрыста маленькі Дамінік запісаў у сваім малітоўніку наступныя пастановы: часта прыступаць да споведзі і святой Камуніі; свяціць устаноўленыя Царквой дні; маімі сябрамі будуць Ісус і Марыя; хутчэй сьмерць, чым грэх.

У 1854 годзе Дамінік паступіў у школу, якой кіраваў святы Ян Боска. У гэтай школе ён жыў і выконваў ролю маленькага місіянера: Дамінік заснаваў Таварыства Беззаганнай, якое засяродзіла хлопчыкаў, ён шмат маліўся, часта ўдзельнічаў у святой Імшы. Быў прыкладам для іншых вучняў.

Улетку 1856 года выбухнула эпідэмія халеры. Дон Боско прапанаваў найбольш смелым са старэйшых вучняў дапамагаць пакінутым людзям. Сярод дабравольцаў быў і Дамінік Савіо. У выніку, восенню 1856 года Дамінік захварэў туберкулёзам і памёр 9 чэрвеня наступнага года.

Папа Пій XII у 1950 годзе беатыфікаваў яго, а ў 1954 кананізаваў. Святы Дамінік з’яўляецца апекуном міністрантаў і юнакоў. Яго часта малююць у выглядзе анёла з лілеяй (знак чысціні) у руках.

Памяць святога Дамініка ў Каталіцкім Касцёле – 6 мая, а яго рэліквіі ўшаноўваюцца ў базыліцы Марыі Успамогі хрысціянаў у Турыне.