Паводле малітоўніка «Бог Добры», выдавецтва Пінскай Дыяцэзіі Місіянераў Аблатаў Беззаганнай Марыі ў 2018 годзе.
Сужэнства і сям’я з’яўляюўцца галоўнай ячэйкай грамадства і адносяца да найбольш важных каштоўнасцяў чалавецтва. Хрысціянін павінен памятаць, што сам Бог устанавіў сужэнства, ствараючы мужчыну і жанчыну на свой вобраз і падабенства (Быц 1, 27). Бог ёсць любоў. З гэтага вынікае, што любоў з’яўляецца фундаментальным і самым істотным пакліканнем кожнай асобы. Гарманічную любоў паміж мужчынам і жанчынай, якую задумаў Бог, сапсаваў грэх. Аднак Бог праз свайго Сына Езуса Хрыста ўзвысіў адвечны інстытут сужэнства да годнасці сакрамэнту. Сужэнства і сям’я выступаюць як збаўчая рэчаіснасць, у якой прысутнічае Хрыстус. Моцаю Духа Святога Ён асвячае сужэнцаў і іх нашчадкаў.
Сакрамэнтальнае сужэнства – гэта супольнасць жыцця і любові, якая ўзнікае праз сужэнскі саюз, гэта значыць праз неадменную згоду сужэнцаў, у якой яны свабодна аддаюць і прымаюць узаемна адно аднаго. «У гэтым сакрамэнце хрысціянскія сужэнцы выяўляюць таямніцу еднасці і плоднай любові Хрыста і Касцёла і ўдзельнічаюць у ёй. Таму ў сужэнскім жыцці, у прыняцці і выхаванні патомства яны дапамагаюць адно аднаму ісці да святасці і маюць сваё месца і свой асаблівы дар у народзе Божым» (Парадак цэлебрацыі сужэнства).
Асобы, якія хочуць заключыць сужэнскі саюз, павінны памятаць, што сужэнства, заключанае ў Касцёле, з’яўляецца непарыўным. Тыя, хто заключае сужэнства, павінны быць у стане асвячальнай ласкі, гэта значыць пасля споведзі і Святой Камуніі.
Сужэнская любоў праяўляецца ў любові, павазе, клопаце пра матэрыяльны дабрабыт, пра здароўе цела і душы ў сумесным сужэнскім жыцці. Св. Павел піша так: «Муж няках аказвае жонцы належную прыязнасць; падобна ж и жонка мужу. Жонка не ўладная над сваім целам, але муж; таксама і муж не ўладны над сваім целам, але жонка. Не ўхіляйцеся адно ад аднаго, хіба па згодзе, на час, каб быць у посце і малітве, а потым ізноў будзьце разам, каб не спакушаў вас сатана праз няўстрыманасць вашу» (1 Кар 7, 3-5).