З нагоды ўрачыстасці Найсвяцейшага Цела і Крыві Хрыста, якую сёлета мы адзначаем 19 чэрвеня, у многіх населеных пунктах нашай краіны праводзяцца эўхарыстычныя працэсіі. Гэта працяг традыцыі, якая нарадзілася ў Заходняй Еўропе напрыканцы ХІІІ стагоддзя. У XV  стагоддзі яе ўжо ведалі католікі на беларускіх землях. Гомельскія вернікі гэту традыцыю таксама падтрымліваюць.

Працэсіі з Хрыстом, прысутным у Святых Дарах, у нашых варунках адбываюцца як правіла ў бліжэйшую да даты ўрачыстасці нядзелю. Агульнагарадская працэсія ў Гомелі, у якой прынялі ўдзел душпастыры і вернікі парафій Нараджэння Насвяцейшай Панны Марыі і Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, адбылася 15 чэрвеня – ў дзень урачыстасці Найсвяцейшай Тройцы. Вернікі разам са святарамі і Эўхарыстычным Хрыстом прайшлі дарогаю з чатырма алтарамі-стацыямі ад касцёла Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі да Дому міласэрнасці, у якім служаць сёстры Кангрэгацыі місіянерак любові, заснаванай св. Тэрэзай з Калькуты, вядомай ва ўсім свеце як Маці Тэрэза.

Працэсіі папярэднічала св. Імша, якую цэлебраваў кс. Аляксандр Канановіч. Гамілію прамовіў кс. Юрый Дрозд. Святар звярнуў увагу на цесную сувязь паміж таямніцай Найсвяцейшай Тройцы і Эўхарыстыяй, а таксама прадставіў удзел у працэсіі як форму евангелізацыі, у якой кожны з нас прымае адказны ўдзел.

Урачыстыя мерапрыемствы завяршыліся спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” і благаслаўленнем Найсвяцейшым Сакрамэнтам.