У суботу, 6 верасня, гомельскія вернікі ўрачыста адзначылі тытулярнае свята парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. У святкаванні прынялі ўдзел святары, кансэкраваныя асобы і госці з суседніх парафій, а таксама ўсе іерархі Пінскай дыяцэзіі – біскупы Антоній Дзям’янка, Андрэй Зноска і біскуп эмэрыт Казімір Велікаселец.

Адметнасцю сёлетняга фэсту стала тое, што ён адбыўся ў Юбілейны год хрысціянства, у межах якога Пінская дыяцэзія адзначае 100-годдзе свайго заснавання, а гомельская парафія 25-годдзе кансэкрацыі касцёла. У снежні 2000 года, акурат падчас апошняга Вялікага Юбілею, яго здзейсніў тагачасны Апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі кардынал Казімір Свёнтэк († 2011).

Разам з тым падчас урачыстасці падзяку Богу за першы год біскупскага служэння складаў Яго Эксцэленцыя біскуп Андрэй Зноска. Ён быў прызначаны дапаможным біскупам Пінскай дыяцэзіі 19 ліпеня 2024 года Папам Францішкам, а біскупскае пасвячэнне прыняў 7 верасня ў катэдральным касцёле ў Пінску. Для гомельскіх вернікаў стала вялікім гонарам узносіць падзяку і хвалу Пану Богу разам з біскупам Андрэем у пярэдадзень гадавіны яго пастырскага служэння ў нашай дыяцэзіі.

Падчас св. Імшы, цэлебрацыю якой узначаліў ксёндз біскуп Антоній Дзям’янка, біскуп Андрэй Зноска прамовіў гамілію. Пастыр пачаў з таго, што запрасіў паглядзець на  парафіяльнае свята як на дзень імянінаў касцёла. Касцёл, паводле біскупа Андрэя, можна параўнаць у нейкім сэнсе да жывога чалавека. Падобна як хрысцяць чалавека і ён пачынае свой шлях верніка, так і касцёл перажывае свой “хрост” падчас кансэкрацыі. А далей ідуць адна за другой падзеі, з якіх складваецца гісторыя жыцця святыні. Мы, вернікі, творым гэту гісторыю разам. Пастыр таксама адзначыў, што на яго малой радзіме людзі называюць свята Нараджэння Божай Маці словам “багач”. Біскуп заахвоціў кожнага па прыкладу Марыі багацець духоўна. Безумоўна, нам не ўсё ў божых планах можа быць зразумела. Найвялікшыя тэолгагі могуць сказаць, што дзеянне Бога часта цяжка апісаць і выразіць сродкамі чалавечай мовы. Але самае галоўнае – гэта тое, каб мы заўсёды, так як Багародзіца, ахвотна казалі Богу “так” і ва ўсім спадзяваліся на Яго.

На заканчэнне св. Імшы біскуп Антоній Дзям’янка нагадаў прысутным аб важнейшых падзеях Пінскай дыяцэзіі і запрасіў усіх далучыцца да святкавання яе стогоддзя 25 кастрычніка ў Пінску пад кіраўніцтвам кардынала Клаўдыё Гуджэроці. У сваю чаргу са словамі падзякі і віншаванняў да іерархаў звярнуліся прадстаўнікі парафіі. Эўхарыстычнай працэсіяй і спевам гімна “Цябе, Бога, праслаўляем” святкаванне завяршылася ў касцёле, але працягнулася на прыкасцёльнай пляцоўцы супольным пасілкам і канцэртам моладзевага каталіцкага музычнага гурта “Шлях” з Баранавічаў.

Фота: Марына Чумачэнка і Марыя Сахоўская.