ЕВАНГЕЛЛЕ

Мц 3, 1–12

Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае

+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.

У тыя дні з’явіўся Ян Хрысціцель, які навучаў у Юдэйскай пустыні і казаў: Пакайцеся, бо наблізілася Валадарства Нябеснае. Бо гэта той, пра каго сказаў прарок Ісая: Голас таго, хто кліча ў пустыні: падрыхтуйце дарогу Пану, раўняйце сцежкі Яму.

Сам жа Ян меў адзенне з вярблюджай воўны і скураны пояс на бёдрах сваіх; а ежай яму была саранча і дзікі мёд. Тады Ерузалем і ўся Юдэя, і ўсе ваколіцы Ярдана выходзілі да Яго. І прымалі хрост ад яго ў рацэ Ярдан, вызнаючы свае грахі.

Убачыўшы многіх фарысеяў і садукеяў, якія прыходзілі да яго хрысціцца, ён сказаў ім: Племя змяінае, хто навучыў вас уцякаць ад надыходзячага гневу? Прынясіце ж годны плён пакаяння, і не думайце казаць у думках сваіх: Наш айцец — Абрагам. Бо кажу вам, што Бог можа з камянёў гэтых узняць дзяцей Абрагаму. Ужо і сякера прыкладзена да карэння дрэваў; бо кожнае дрэва, што не дае добрага плоду, будзе ссечана і кінута ў  агонь.

Я хрышчу вас у вадзе для пакаяння, але той, хто ідзе за мною, мацнейшы за мяне, і я не варты несці сандалі Ягоныя. Ён будзе хрысціць вас Духам Святым і агнём. Лапата Ягоная ў руцэ Яго, і Ён ачысціць гумно сваё і збярэ пшаніцу сваю ў свіран, а мякіну спаліць агнём непагасным.

Гэта слова Пана.

“Прынясіце ж годны плён…” (Мц 3, 8)

Калі мы прыходзім у гомельскі касцёл Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі, нельга не звярнуць увагу на насычаны сімволікай роспіс алтарнай сцяны. У поле зроку трапляе выява маленькага дрэўца, размешчанага амаль у цэнтры кампазіцыі. Гэта ні што іншае, як той самы парастак з пня Есэевага, да якога адклікаецца і пачынае сёння сваю прамову прарок Ісая. У думцы прарока гэты пень азначае каралеўскі род Давіда, а парастак указвае на будучага Месію – Езуса, які прыйдзе з пакалення Юды і роду Давіда. Псальм, які таксама ўзнік задоўга да нараджэння Хрыста, з надзеяй падкрэслівае, што доўгачаканы Збаўца прынясе чалавецтву спакой, справядлівасць і сапраўдную свабоду, а да таго ж Яго будуць славіць усе народы.

У часы святога апостала Паўла, “усё, што напісана было раней” стала па большай частцы рэальнасцю. Прароцтвы Старога Запавету выканаліся ў жыцці Езуса. Наш Пан здзейсніў справу, дзеля якой быў пасланы Айцом. Пры гэтым Езус працягвае дзейнічаць у сваім Касцёле. Катэхізіс Каталіцкага Касцёла вучыць нас, што Ён жыве ў Касцёле і з Касцёлам (пар. ККК, 807).

І калі ўсё так хораша складваецца, то можа настаў час апусціць рукі і занадта не думаць пра тое, што хвалявала герояў Бібліі? Можа настаў час аслабіць ахвоту да чування і працы над сабою? Акурат наадварот! Валадарства Божае пакуль яшчэ не дасягнула паўнаты. А тых, хто паддаецца духоўнай ляноце святы Ян Хрысціцель “пяшчотна” называе “племем змяіным”. Выліваючы на нас як бы вядро халоднай вады, святы Ян Хрысціцель кожнага заклікае прыносіць добры плён у сваім жыцці праз навяртанне, пошук Бога ўсім сэрцам і добрыя ўчынкі. Хрыстус насамрэч ужо нарадзіўся, ужо прыйшоў, але перад намі наступны эпізод гісторыі збаўлення – другое прыйсце Хрыста ў славе ў канцы вякоў. Адвэнт – самы спрыяльны час, каб гэта ўсвядоміць і з божай дапамогай штосьці змяніць у сваім жыцці ў лепшы бок.