«Рождественская магия», «волшебная сказка», «волшебный праздник», «чудная легенда» – падобнымі недарэчнымі эпітэтамі нярэдка ўзнагароджваюць Божае Нараджэнне ў сучаснай інфармацыйнай прасторы. Дастаткова толькі ўвайсці ў інтэрнэт, каб убачыць, якой шырокай ракой разліваецца гэта глупства… І таму нямала людзей успрымае свята Божага Нараджэння менавіта так – інфантыльна, несур’ёзна, камерцыйна, павярхоўна, далёка ад самой сутнасці і ўвогуле не па-хрысціянску. Увага часта фіксуецца толькі на эстэтыцы свята.
Так, праўда, што ўпрыгожаныя ялінкі і святочныя дэкарацыі прыцягваюць у касцёл заўважна больш людзей. Праўда і тое, што пэўныя замацаваныя ў грамадстве культурныя стандарты дапамагаюць адчуць і перажыць свята. Але што застаецца пасля таго, як усё пройдзе? А застаецца тая самая пустка ў сэрцы, застаюцца тыя самыя жыццёвыя пытанні або ўвогуле нежаданне мысліць. Ну, і вядома – знікаюць з касцёлаў да наступнага года ўсе, хто ішоў адно толькі за “магией волшебного праздника”.
Божае Слова літургічнай урачыстасці Божага Нараджэння, якое з’яўляецца такім багатым (мы маем аж тры фармуляры св. Імшы з уласнымі чытаннямі – ўначы, на світанні і ўздень), заклікае нас адкрыць іншае вымярэнне свята. У чым яно заключаецца? Па-першае, кожнаму з нас Бог кажа: “Нарадзіўся сёння Збаўца, якім ёсць Хрыстус Пан” (Лк 2, 11). Па-другое, у Ім “аб’явілася дабрыня і чалавекалюбства Бога” (Ціт 3, 4). Урэшце, тыя, хто прыняў Хрыста, атрымалі прывілей стаць дзецьмі Божымі (пар. Ян 1, 12). Гэта нашмат важней, чым усе ялінкі, гірлянды, дэкарацыі, падарункі, а нават і ўсмешкі на тварах, выкліканыя часовымі эмоцыямі.
Каб не быць закладнікам уласных духоўных лабірынтаў і не паддавацца маніпуляцыям з боку тых, хто выстаўляе Божае Нараджэнне ў нехрысціянскім духу, трэба прыняць радасную евангельскую вестку. Яна становіцца інтэгральнай часткай жыцця ў выніку некалькіх простых крокаў: першае – знаходжанне часу на цішыню і роздум; другое – ўсведамленне, што табе патрэбен Бог і перамена жыцця; трэцяе – ўсведамленне таго, што як мінімум адна асоба (Пан Бог) любіць цябе па-сапраўднаму; чацвёртае – шчыры зварот да любячага Бога ў думках і ў сэрцы; пятае – цвёрды намер звязаць з Богам сваё жыццё. Тады замест усякіх “магій” і “легенд” у тваім жыцці будзе фундамент – трывалы, маналітны. Тады будзеш сваім Богу (пар. Ян 1, 10), а не часовым госцем, які прыйшоў з ні адкуль і пайшоў ў нікуды. Хрыстос нарадзіўся! Славім Яго!