ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)

Ян 1, 29–34

Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Ян убачыў Езуса, які ішоў да яго, і сказаў: Вось Ягнё Божае, якое бярэ на сябе грэх свету. Гэта той, пра якога я казаў: Пасля мяне ідзе Муж, які апярэдзіў мяне, бо Ён быў раней за мяне. І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю.

І сведчыў Ян, кажучы: Я бачыў Духа, які сыходзіў з неба, як голуб, і спачываў на Ім. Я не ведаў Яго, але той, хто паслаў мяне хрысціць вадою, сказаў мне: Над кім убачыш Духа, які сыходзіць і застаецца на Ім, той ёсць тым, хто хрысціць Духам Святым. І я бачыў і засведчыў, што Ён Сын Божы.

Гэта слова Пана.

“І я не ведаў Яго, але для таго прыйшоў я хрысціць вадою, каб Ён аб’явіўся Ізраэлю” (Ян 1, 31).

Святы Ян Хрысціцель ажно двойчы ў сённяшнім Евангеллі заяўляе, што ён не ведаў Езуса. Ці сапраўды не ведаў? Дзіўна гэта чуць ад чалавека, які, праўдападобна, мог ведаць Яго з самага дзяцінства. А тым не менш выходзіць, што не ведаў… З намі здараецца штосьці падобнае. Мы жывем у культурнай прасторы, у якой яшчэ тое-сёе засталося ад хрысціянства. У нашых гарадах і вёсках дзейнічаюць храмы, Святое Пісанне даступна для кожнага, у СМІ падкрэсліваецца важнасць традыцыйных каштоўнасцяў, духоўныя асобы не ўспрымаюцца большасцю адэкватных людзей як іншапланецяне, але…. Але ці гэта ўсё сведчыць аб тым, што мы ВЕДАЕМ Езуса Хрыста?

Я хачу сказаць, што Езус Хрыстус як частка культуры і Езус Хрыстус як мой Бог і Збаўца, як сэнс майго жыцця – гэта розныя рэчы. Часам, дыяметральна розныя. Быць намінальным хрысціянінам і жыць у грамадстве, якое складаецца пераважна з ахрышчаных – не азначае ведаць Хрыста. Так, продкі пакінулі нам хрысціянскую спадчыну, але кожнаму чалавеку, які жадае па-сапраўднаму ведаць Хрыста, трэба штораз нанова і свядома ўваходзіць у таямніцы хрысціянскай веры. Трэба, інакш кажучы, пастаянна рыхтаваць сябе да сустрэчы з Хрыстом, паддаючыся катэхізацыі. У нейкім сэнсе святы Ян Хрысціцель гэтым і займаўся: ён рыхтаваў людзей да сустрэчы з Хрыстом. У сваю чаргу Бог гэтым займаўся ў адносінах да народу Ізраэля ў Старым Запавеце (першае чытанне), а святы Апостал Павел нястомна настаўляў вернікаў у заснаваных ім супольнасцях (другое чытанне).

Навізна Хрыстовага вучэння патрабуе і ад чалавека жадання ўнутранага абнаўлення. Гэта, калі хочаце, як з тымі евангельскімі мяхамі і віном: “Не ўліваюць маладое віно ў старыя мяхі. Інакш разрываюцца мяхі, і віно выліваецца, і мяхі прападаюць” (Мц 9, 17). Сучаснаму чалавеку надзвычай складана прыняць у сваё жыццё евангельскую праўду, таму што на перашкодзе стаяць моцна ўкаранёныя ў свядомасці рэлятывізм у маралі, эгаістычнае бачанне свабоды, бунт супраць аўтарытэтаў, стаўка на пераважна бессэнсоўны актывізм, акцэнт на бескампрамісную самарэалізацыю замест сумленнага і спакойнага выканання абавязкаў ды многае іншае. Не пераасэнсаваўшы, не пераламаўшы ў сабе гэтых і падобных ментальных хваробаў, мы не зможам ВЕДАЦЬ Хрыста. Ці здольныя мы на такі высілак? Пры ўсёй складанасці пытання вядома адно: з Тым, хто нас узмацняе, усё магчыма (пар. Флп 4, 13).