ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)
Мц 5, 20–22а. 27–28. 33–34а. 37
Так сказана было продкам; Я ж кажу вам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Кажу вам: калі справядлівасць вашая не пераўзыдзе справядлівасці кніжнікаў і фарысеяў, то вы не ўвойдзеце ў Валадарства Нябеснае.
Вы чулі, што было сказана продкам: Не забівай; а хто заб’е, падпадае пад суд. А Я кажу вам, што кожны, хто гневаецца на брата свайго, падпадае пад суд.
Вы чулі, што сказана: Не распуснічай. Я ж вам кажу: кожны, хто з пажадлівасцю глядзіць на жанчыну, ужо ўчыніў з ёю распусту ў сэрцы сваім.
Вы чулі, што сказана было продкам: Не прысягай фальшыва, а выконвай перад Богам прысягі свае. Я ж кажу вам: не прысягайце наогул.
І няхай будзе слова вашае “так-так”, “не-не”. А што звыш гэтага, тое ад злога.
Гэта слова Пана.
“Ты загадаў, каб старанна выконвалі Твае наказы” (Пс 119, 4).
Сёння Божае Слова шмат гаворыць нам пра закон, пра важнасць і неабходнасць наказаў, якія дае Бог. Вяршыняй усяго з’яўляюцца словы Езуса Хрыста аб тым, што Ён не прыйшоў, каб адмяніць сказанае ў Старым Запавеце, але давесці да паўнаты. Езус не супрацьпастаўляе сябе Майсееваму Закону. Ён адкрывае, што Закон ад пачатку вёў да Яго. Закон не быў мэтай самой па сабе, але шляхам, які меў падрыхтаваць сэрца чалавека да сустрэчы з Хрыстом.
Праблема чалавека не ў тым, што ён не ведае нормаў. Мы, акурат, ведаем, што нельга забіваць, крыўдзіць, здраджваць, хлусіць. Праблема знаходзіцца глыбей. Так, можна захоўваць знешнія правілы, а ў той жа час унутры насіць гнеў. Можна, на першы погляд, нічога дрэннага не рабіць, а ўсё ж быць далёка ад Бога і не мець у сабе спакою. Справа ў тым, што закон без ласкі не лечыць сэрца, параненае грахом. Ён не дае той сілы, якая перамяняе знутры.
Нам патрэбны не толькі правілы і нормы. Да іх трэба дадаць яшчэ божую ласку і любоў. І толькі Хрыстус можа нам у гэтым дапамагчы. Ён сам дасканала выконвае волю Айца, адкрывае сапраўдны сэнс запаведзяў і дае ласку, каб мы маглі ўдзельнічаць у гэтай паўнаце. Святы Аўгустын тлумачыў, што Езус спаўняе Закон не праз даданне новых параграфаў, але праз давядзенне яго да любові. Закон без любові застаецца літарай. У Хрысце ён становіцца жыццём. Езус не спаўняе Закон толькі знешне – Ён спаўняе яго ўсім сэрцам. Таму і нам Езус кажа: “калі ваша справядлівасць не будзе большая…”. Гэтая “большая справядлівасць” – не перфекцыянізм і не рыгарызм. Гэта перамененае ласкай сэрца, якое пачынае любіць.
Праз некалькі дзён, у найбліжэйшую сераду, Касцёл увядзе нас у час Вялікага Посту. Гэты час не дзеля таго, каб даказаць Богу сваю сілу. Ён дзеля таго, каб дазволіць Хрысту споўніць у нас Закон любові: праз малітву, пакаянне, паяднанне і канкрэтныя пастановы.