Ужо у старажытнасці выкарыстоўвалася літургічнае адзенне розных колераў, аднак спачатку правілы выбару колеру не былі дакладна акрэсленыя. Толькі ў XIII ст. яны былі сістэматызаваныя, а ў XVI ст. зацверджаныя на Трыдэнцкім саборы. 3 невялікімі зменамі гэтыя прынцыпы захаваліся да нашага часу. Разнастайнасць колераў літургічнага адзення дапамагае лепш зразумець значэнне цэлебраваных таямніцаў веры і сэнс развіцця хрысціянскага жыцця на працягу літургічнага года.

Зялёны колер

Зялёны колер сімвалізуе надзею, маладосць, справядлівасць і адраджэнне.

Літургічнае адзенне зялёнага колеру ўжываецца ў дні Звычайнага перыяду. 

Белы колер

Белы колер сімвалізуе чысціню, нявіннасць, радасць, святло і святочны настрой.

Літургічнае адзенне белага колеру ўжываецца:

– у Імшах Велікоднага перыяду і перыяду Нараджэння Пана;
– на цэлебрацыях Пана, якія не датычаць Ягонай Мукі;
– на цэлебрацыях Найсвяцейшай Панны Марыі, святых анёлаў, святых, якія не былі мучанікамі;
– на урачыстасцях Усіх Святых (1 лістапада) і св. Яна Хрысціцеля (24 чэрвеня);
– у святы св. Яна Евангеліста (27 снежня), катэдры св. Пятра (22 лютага) і Навяртання св. Паўла (25 студзеня).

Чырвоны колер

Чырвоны колер звычайна асацыюецца з крывёю. Літургічнае адзенне такога колеру святары апранаюць на цэлебрацыях Мукі Пана, у святы пераможнай смерці Апосталаў і Евангелістаў (за выключэннем св. Яна Евангеліста), на цэлебрацыях святых мучанікаў. Гэта таксама колер агню, таму чырвонае літургічнае адзенне мы бачым і ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога, сімвалам якога з’яўляецца агонь.

Фіялетавы колер

Фіялетавы колер стварае настрой засяроджанасці, чакання, пакаяння.

Літургічнае адзенне фіялетавага колеру выкарыстоўваецца ў перыяды Адвэнту і Вялікага посту, а таксама падчас пакутных набажэнстваў і набажэнстваў за памерлых.

Ружовы колер

Ружовы колер сімвалізуе радасць з прычыны таго, што збаўленне ўжо блізка. У літургічным годзе ёсць толькі два дні, калі святар можа апранаць літургічнае адзенне такога колеру: IV нядзеля Вялікага посту (Laetare) і III нядзеля Адвэнту (Gaudete).

Залаты колер

Залаты колер сімвалізуе багацце і гонар. Літургічнае адзенне такога колеру ўжываецца падчас больш урачыстай цэлебрацыі. Можа заменяць любы колер акрамя фіялетавага.

Марыйны (блакітны) колер

Можа выкарыстоўвацца падчас Марыйных святаў.

Чорны колер

Магчыма выкарыстоўваць падчас пахавання.