ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)

Ян 11, 3–7. 17. 20–27. 33b–45

Я — уваскрасенне і жыццё

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

У той час:

Сёстры паслалі сказаць Езусу: Пане, той, каго Ты любіш, хворы. Пачуўшы гэта, Езус сказаў: Гэтая хвароба не вядзе да смерці, але да славы Божай, каб Сын Чалавечы праславіўся праз яе. Езус жа любіў Марту, яе сястру і Лазара.

Пачуўшы, што той хварэе, заставаўся два дні на тым месцы, дзе знаходзіўся. Пасля гэтага сказаў вучням: Пойдзем зноў у Юдэю. Прыйшоўшы, Езус даведаўся, што Лазар ужо чатыры дні ў магіле.

Калі Марта пачула, што ідзе Езус, яна выйшла Яму насустрач, а Марыя сядзела дома. Тады Марта сказала Езусу: Пане, калі б ты быў тут, не памёр бы брат мой. Але і цяпер ведаю, што аб чым бы Ты ні папрасіў Бога, Бог дасць Табе.

Езус сказаў ёй: Уваскрэсне брат твой. Марта сказала Яму: Я ведаю, што ўваскрэсне падчас уваскрасення ў апошні дзень. Езус сказаў ёй: Я – уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі. Ці верыш у гэта?

Яна адказала Яму: Так, Пане. Я веру, што Ты Месія, сын Божы, які павінен быў прыйсці ў свет. Езус глыбока ўзрушыўся і ўсхваляваўся, ды сказаў: Дзе вы паклалі яго? Адказалі Яму: Пане, ідзі і паглядзі. Езус заплакаў. Юдэі ж казалі: Глядзі, як Ён любіў яго. А некаторыя з іх сказалі: Ці не мог Ён, які адкрыў вочы сляпому, зрабіць, каб і гэты не памёр?

Езус жа, ізноў глыбока ўзрушаны, ідзе да магілы. Была ж гэта пячора, і камень ляжаў на ёй. Кажа Езус: Адсуньце камень. Сястра памерлага, Марта, кажа Яму: Пане, ужо смярдзіць, бо чацвёрты дзень, як памёр. Езус кажа Ёй: Ці не казаў Я табе, што, калі будзеш верыць, убачыш славу Божую? Тады адсунулі камень. А Езус узняў вочы і сказаў: Ойча, дзякую Табе, што Ты пачуў Мяне. Я ведаў, што Ты заўсёды чуеш Мяне. Але сказаў дзеля натоўпу, які стаіць вакол, каб паверылі, што Ты паслаў Мяне. І, сказаўшы гэта, крыкнуў моцным голасам: Лазар, выйдзі вонкі. І выйшаў памерлы з нагамі і рукамі, абвязанымі палатном, а твар ягоны быў абвязаны хусткаю. Езус кажа ім: Развяжыце Яго і дазвольце яму хадзіць.

Тады многія з юдэяў, якія прыйшлі да Марыі і бачылі, што ўчыніў Езус, паверылі ў Яго.

Гэта слова Пана.

„Пойдзем зноў у Юдэю” – вера, якая не баіцца.

1. „Вось хварэе той, каго Ты любіш”

Сёстры пасылаюць да Езуса вестку. Яны не фармулююць патрабаванняў, не даюць гатовых рашэнняў – проста ставяць Яго перад рэальнасцю: „Той, каго Ты любіш, хварэе”.

Езус аднак „застаецца два дні”. Часта ў нашым жыцці Бог «чакае» не з абыякавасці, але каб наша вера паспела. Гэта запрашэнне, каб мы не зняхочваліся праз Божае маўчанне, але верылі, што Ён прыходзіць у свой час – і Яго час заўсёды дасканалы.

2. Дарога да гробу

Калі Езус нарэшце прыходзіць, сустракае Марту. Яна не робіць выгляд, што ўсё добра: „Пане, калі б Ты быў тут…”. Езус не чытае ёй лекцыі, але адкрывае Сваю тоеснасць: „Я – уваскрасенне і жыццё”.

Гэта не тэорыя – гэта сустрэча з Асобай. І ў гэтай сустрэчы нараджаецца сапраўднае вызнанне веры: „Ты – Месія, Сын Божы”. Яно не прыходзіць лёгка, часта нараджаецца ў болю, у чаканні, у сітуацыі, калі ўсё, здаецца, страчана. Але менавіта тады вера можа стаць глыбока асабістай.

3. „Адсуньце камень”

Езус просіць: „Адсуньце камень”. Марта пярэчыць: „Пане, ужо смярдзіць”.

Колькі ў нашым жыцці месцаў, якія «смярдзяць» – спраў, якімі саромімся падзяліцца, сітуацый, якія здаюцца незваротнымі, грахоў, якія, здаецца, маюць апошняе слова. Езус аднак не абыходзіць гроб; загадвае адсунуць камень. Гэта запрашэнне да адвагі не хаваць сваіх ранаў, але дазволіць Езусу стаць побач з імі – нават калі смерць трывае ўжо „чатыры дні”.

Езус плача. Гэта Бог, які не абыякавы да нашых пакутаў, але ўваходзіць у іх з міласэрнасцю.

4. „Лазар, выйдзі вон!”

Езус не ўваходзіць у гроб, але кліча звонку. Калі адсунулі камень, памёрлы выходзіць, хоць быў звязаны.
Гэта вобраз нашага паклікання: нас клічуць па імені, каб выйсці з таго, што мёртвае. Пан гаворыць да кожнага з нас моцным голасам: «Выйдзі!». А потым звяртаецца да тых, хто навокал: „Развяжыце яго і дазвольце яму хадзіць”.

Вера – не адзінокая барацьба; нам патрэбная супольнасць, якая дапамагае развязваць тое, што нас звязвае, каб мы маглі хадзіць у свабодзе.

На заканчэнне

Браты і сёстры, мы часам пытаемся: „Чаму Бог чакае?”, „Чаму я перажываю столькі цяжкасцяў?”. Гэтая Евангелля вучыць нас, што вера не ў тым, каб пазбягаць смерці (граху, страху, расчаравання), але каб дазволіць Езусу прыйсці да нашага гробу. Ён не баіцца нашых чатырох дзён, не баіцца таго, што смярдзіць. Ён прыходзіць, каб паклікаць нас да жыцця.

Набліжаецца Вялікі Тыдзень. Няхай ён стане для нас часам адважнага адсунення камянёў, слухання Яго голасу і ўзаемнай дапамогі ў развязванні путаў. Тады многія, хто глядзіць на наша жыццё, падобна як жыды глядзелі на Лазара, змогуць уверыць.

Ці верыш ты ў гэта?