ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)
(Мц 27, 11–54)
Мука Пана нашага Езуса Хрыста.
Пілат дапытвае Езуса
Ев. У той час прывялі Езуса да намесніка. І спытаўся ў Яго намеснік: I. Ты Кароль Юдэйскі? Ев. Езус сказаў яму: Е. Ты кажаш. Ев. І калі абвінавачвалі Яго першасвятары і старэйшыны, Ён нічога не адказаў. Тады кажа Яму Пілат: І. Ці не чуеш колькі сведчыць супраць Цябе? Ев. І Ён ні на адно слова не адказваў яму, таму намеснік вельмі дзівіўся.
Езуса асуджаюць на смерць
На свята намеснік меў звычай адпускаць паводле жадання народу аднаго вязня. Быў тады ў іх адзін вязень, званы Барабба. І вось, калі яны сабраліся, сказаў ім Пілат: I. Каго хочаце, каб я выпусціў вам, Бараббу ці Езуса, званага Хрыстом? Ев. Бо ведаў, што ад зайздрасці выдалі Яго. А калі ён засядаў у судзе, жонка ягоная паслала сказаць яму: I. Не рабі нічога таму Справядліваму, бо я сёння ў сне шмат цярпела з-за Яго. Ев. Але першасвятары і старэйшыны падбухторылі народ, каб прасілі за Бараббу, а Езуса аддалі на смерць. Адказваючы, намеснік сказаў ім: I. Каго з гэтых двух хочаце, каб я адпусціў вам? Ев. Яны сказалі: Л. Бараббу. Ев. Кажа ім Пілат: І. А што мне рабіць з Езусам, якога завуць Хрыстом? Ев. Кажуць усе: Л. Няхай будзе ўкрыжаваны! Ев. Ён жа сказаў: І. Што дрэннага зрабіў Ён? Ев. Але яны яшчэ мацней крычалі: Л. Няхай будзе ўкрыжаваны! Ев. Пілат, убачыўшы, што нічога не дапамагае, а хваляванне ўзрастае, узяў ваду і абмыў рукі перад людзьмі, кажучы: І. Невінаваты я ў гэтай крыві. Глядзіце самі. Ев. І ўвесь народ адказаў: Л. Кроў Яго на нас і на дзецях нашых. Ев. І адпусціў ім Бараббу, а Езуса пасля бічавання аддаў на ўкрыжаванне.
Жаўнеры насміхаюцца з Езуса
Тады жаўнеры намесніка, завёўшы Езуса ў прэторыю, сабралі каля Яго цэлую кагорту. Распранулі Яго і накінулі на Яго чырвоны плашч, сплялі вянок з церня і ўсклалі Яму на галаву, і далі Яму ў правую руку трысціну. Становячыся перад Ім на калені, насміхаліся з Яго, кажучы: Л. Вітай, Кароль Юдэйскі! Ев. І плявалі на Яго, бралі трысціну і білі Яго па галаве. А калі высмеялі, знялі з Яго плашч і апранулі ў адзенне Ягонае, і павялі Яго на ўкрыжаванне.
Укрыжаванне Езуса
Выходзячы, яны сустрэлі аднаго кірынейца па імені Сымон, якога прымусілі несці крыж Езуса. Калі прыйшлі на месца, называнае Галгота, што азначае: Месца чэрапа, далі Яму выпіць віна, змешанага з жоўцю. Ён пакаштаваў, але не хацеў піць. Тыя, хто ўкрыжаваў Яго, падзялілі ягоную вопратку, кідаючы жэрабя. І, седзячы, пільнавалі Яго там. І змясцілі над галавой Ягонай надпіс з віной Ягонай: Гэта Езус, Кароль Юдэйскі. Тады ўкрыжавалі з ім двух злачынцаў, аднаго з правага, а другога з левага боку. Тыя, хто праходзіў, зневажалі Яго, ківаючы галовамі і кажучы: Л. Ты, што руйнуеш святыню і за тры дні адбудоўваеш яе, уратуй сябе самога; калі Ты Сын Божы, сыдзі з крыжа. Ев. Таксама і першасвятары з кніжнікамі і старэйшынамі насміхаліся і казалі: Л. Іншых ратаваў, а самога сябе не можа ўратаваць. Ён – Кароль Ізраэля, няхай сыдзе цяпер з крыжа, і мы паверым у Яго. Спадзяваўся на Бога, няхай Бог вызваліць Яго цяпер, калі любіць Яго, бо Ён казаў: Я – Сын Божы. Ев. Таксама і злачынцы, укрыжаваныя з Ім, зневажалі Яго.
Смерць Езуса
Ад шостай гадзіны цемра настала па ўсёй зямлі да гадзіны дзевятай. А каля гадзіны дзевятай, усклікнуў Езус моцным голасам, кажучы: Е. Элі, Элі, лема сабахтані? Ев. Што азначае: Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў? Некаторыя з тых, хто стаяў там, чуючы гэта, казалі: Л. Ён кліча Іллю. Ев. І адразу пабег адзін з іх, узяў губку, намачыў яе ў воцат, насадзіў на трысціну і даў Яму піць. А другія казалі: Л. Чакай, пабачым, ці прыйдзе Ілля ратаваць Яго. Ев. А Езус зноў ускрыкнуў моцным голасам і сканаў.
Усе становяцца на калені і некаторы час захоўваюць маўчанне
І вось заслона ў святыні разарвалася надвое зверху аж да нізу, і зямля затрэслася, і скалы раскалоліся, і магілы адкрыліся, і многія целы памерлых святых уваскрэслі. І выйшлі з магілаў пасля Ягонага ўваскрасення, і ўвайшлі ў святы горад, і паказаліся многім.
А сотнік і тыя, хто вартаваў з ім Езуса, убачыўшы землятрус і ўсё, што сталася, вельмі спалохаліся і сказалі: Л. Сапраўды, гэта быў Сын Божы.
Гэта слова Пана.
Сёння мы перажываем Пальмовую Нядзелю, якая дае пачатак Вялікаму Тыдню Мукі Пана.
Стоячы перад Пілатам, Езус не апраўдваецца. Гэта не здзіўляе, бо тое, што адкінулі члены сінедрыёна, Пілату ўспрыняць было яшчэ цяжэй.
Не знайшоўшы віны ў Хрыста, Пілат тым не менш амністуе не Яго, а Бараббу, якога патрабуе народ. Наогул Пілата не цікавяць жаданні заваяваных правінцыялаў, але вось кан’юнктура запатрабавалада іх падальсціцца. Да гэтага часу нават многіяхрысціяне паўтараюць паганскую прыказку: «Голас народа — голас божы», забываючы, ці можа не ведаючы народную мудрасць: «Голас народа Хрыста ўкрыжаваў». У той дзень відавочны язычнік Пілат і нібы ведаючы Пісанні юдзейскі натоўп, аб’ядналіся ў непрыманні Сапраўднага Бога ў імя хісткіх супольных інтарэсаў.
Пісанне не гаворыць аб далейшым лёсе вызваленага Бараббы. А тым часам ён стаў першым з грэшнікаў, каго Хрыстос збавіў, памёршы замест яго. Барабба прыняў выратаванне не для вечнага жыцця, а для часовага зямнога, і мы не ведаем, ці скарыстаўся ён шанцам на поўнае збаўленне. Але ўслед за Бараббай цяпер кожнаму з нас гэты шанец дадзены ахвярай Езуса. Як мы ім скарыстаемся – вырашаць нам самім.