ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)

Ян 20, 19–31

Праз восем дзён прыйшоў Езус 

+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.

Калі быў вечар таго першага дня тыдня, і дзверы дома, дзе збіраліся вучні, былі замкнёныя ад страху перад юдэямі, прыйшоў Езус і стаў пасярэдзіне, і сказаў ім: Спакой вам! І, сказаўшы гэта, паказаў ім рукі і бок. Узрадаваліся вучні, убачыўшы Пана. Тады Езус зноў сказаў ім: Спакой вам! Як паслаў Мяне Айцец, так і я пасылаю вас. І, сказаўшы гэта, дыхнуў, і кажа: Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.

Тамаш, адзін з Дванаццаці, называны Блізня, не быў з імі, калі прыйшоў Езус. Іншыя вучні казалі Яму: Мы бачылі Пана. Але ён сказаў ім: Калі не ўбачу на руках Яго ранаў ад цвікоў і не ўкладу пальца свайго ў раны ад цвікоў, і не ўкладу рукі сваёй у бок Яго, не паверу.

І праз восем дзён зноў былі ў доме вучні Ягоныя і Тамаш з імі. Хоць дзверы былі замкнёныя, прыйшоў Езус, стаў пасярэдзіне і сказаў: Спакой вам! Потым кажа Тамашу: Дай сюды палец твой і паглядзі на рукі Мае; дай руку тваю і ўкладзі ў бок Мой; і не будзь няверуючым, але веруючым. Тамаш, адказваючы, сказаў Яму: Пан мой і Бог мой! Езус кажа яму: Ты паверыў, Тамаш, таму што ўбачыў Мяне. Шчаслівыя тыя, хто не бачыў, а паверыў. Шмат іншых цудаў, пра якія не напісана ў гэтай кнізе, учыніў Езус перад вучнямі сваімі. Гэтае ж напісана, каб вы паверылі, што Езус ёсць Месія, Сын Божы, і каб, веруючы, вы мелі жыццё ў імя Ягонае.

Гэта слова Пана.

«Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаны; на кім пакінеце, на тым застануцца.»

Сёння, у Другую Нядзелю Вялікадня, мы закрываем актаву літургічнага перыяду. Гэта адзін з дзвюх актаў, які, разам з актавай Божага Нараджэння, застаўся пасля абнаўлення Другім Ватыканскім Саборам. На працягу васьмі дзён мы разважаем над адным і тым жа цудам і паглыбляемся ў яго сэнс дзякуючы святлу Духа Святога.

Па волі Папы Яна Паўла II гэтая нядзеля называецца Нядзеляй Божай Міласэрнасці. Гаворка ідзе пра нешта значна большае, чым аднаразовае прысвячэнне. Як тлумачыў Святы Айцец у сваёй энцыкліцы Dives in misericordia, Божая Міласэрнасць ёсць аб’яўленнем Божай любові ў гісторыі, параненай грахом. «Misericordia» паходзіць ад двух слоў: «Miseria» і «Cor». Бог, верны сваім задумам, укладвае ў Сваё Айцоўскае сэрца нашае беднае становішча, выкліканае грахом. Памёрлы і ўваскрослы Езус Хрыстус ёсць найвышэйшым праяўленнем і дзеяннем Божай Міласэрнасці. «Бо так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага» (Ян 3,16) і паслаў Яго на смерць, каб мы былі збаўлены. І пасля ўваскрасення Ён устанавіў Яго крыніцай збаўлення для ўсіх, хто верыць у Яго. Верай і навяртаннем мы прымаем гэты скарб Божай Міласэрнасці.

Святая Маці Касцёл, якая жадае, каб яе сыны чэрпалі з жыцця ўваскрослага, заахвочвае прынамсі ў час Вялікадня прымаць Камунію Святую ў асвячальнай ласцы. Вялікодная Пяцідзесятніца ёсць адпаведным часам, каб гэта выканаць. Гэта добры момант, каб паспавядацца і прыняць моц адпушчэння грахоў, якую ўваскрослы Пан ахвяраваў свайму Касцёлу, згодна з тым, што Ён сказаў толькі Апосталам: «Прыміце Духа Святога. Каму адпусціце грахі, таму будуць адпушчаныя; на кім пакінеце, на тым застануцца» (Ян 20, 22-23). Такім чынам мы дасягаем крыніцы Божай Міласэрнасці. І не будзем вагацца, каб прывесці да гэтай крыніцы жыцця нашых сяброў: да Эўхарыстыі і Пакуты. Уваскрослы Езус разлічвае на нас.