10 мая ў нашай парафіі адбылася ўрачыстая падзея. На святой Імшы а 12-ай гадзіне восем дзяцей ўпершыню прынялі святую Камунію. Наколькі важным і хвалюючым днём стала першая сустрэча з Езусам у сакраманце Эўхарыстыі, можна меркаваць па той радасці, якую адчувалі і перажывалі дзеці, іх бацькі і родныя.
Святая Iмша распачалася на прыкасцёльнай тэрыторыi, дзе адбылося бацькоўскае бласлаўленне дзяцей, пасля якога яны ўрачыстай працэсiяй увайшлi ў касцёл, каб упершыню ў поўнай меры прыняць удзел Эўхарыстыі. У гэты дзень яны самі чыталі Слова Божае, спявалі псальмы, узносілі шчырыя малітвы да Пана Бога.
Святая Камунія – гэта сакрамант хрысціянскай сталасці, які ўводзіць ў паўнату духоўнага жыцця. Традыцыйна Першая святая Камунія адбываецца ў маі, калі Касцёл перажывае перыяд пасхальнай радасці на працягу 50 дзён ад Нядзелі Змёртвыхпаўстання Пана да Урачыстасці Спаслання Духа Святога.
Як адзначыў падчас гаміліі пробашч парафіі ксёндз Аляксандр Канановіч: “Першая святая Камунія — гэта не апошні пункт дарогі да Бога. Дзеці, якія прымуць сёння ў сваё сэрца Хрыста, патрабуюць далейшага ўзрастанння і ўмацавання ў веры. А гэта ўжо залежыць ад бацькоў, ад іх прыкладу штодзённай малітвы, нядзельнай святой Імшы, прыняцця святых сакрамантаў і іншых рэлігійных практык. Першая святая Камунія дзіцяці павінна стаць магчымасцю для бацькоў аднавіць сваё асабістае сяброўства з Эўхарыстычным Хрыстом.”
Пасля гаміліі, трымаючы ў руках запаленыя ад пасхала свечкі, дзеці аднавілі абяцанні хросту. Завяршылася літургія слова малітвай вернікаў і прынашэннем дароў.
Нарэшце доўгачаканы момант Эўхарыстыі. Узрушанасць і радасць перапаўняла маленькіх вернікаў, якія ўпершыню прымалі Езуса Хрыста ў свае сэрцы.
Напрыканцы Імшы пробашч парафіі пробашч блаславіў ружанцы і малітоўнікі, якія бацькі падрыхтавалі ў якасці падарункаў сваім дзецям з нагоды Першай святой Камуніі.
Пасля Эўхарыстыі бацькі выказалі словы ўдзячнасці ксяндзу Аляксандру за ўдзяленне сакраманту.
Завяршылася ўрачыстасць уручэннем памятак аб Першай святой Камуніі і агульным фотаздымкам.
Наперадзе дзяцей чакае “белы тыдзень”, на працягу якога яны кожны дзень у белым адзенні будуць хадзіць у касцёл і дзякаваць за дар святой Камуніі.