Фрагмент Евангелля паводле св. Яна, які сёння гучыць у Літургіі Касцёла, пашырае апошнюю частку папярэдняга 15 верша 3 раздзела, дзе мова ідзе пра жыццё вечнае: “так палюбіў Бог свет, што аддаў Сына свайго Адзінароднага, каб кожны, хто верыць у Яго, не загінуў”. Усеабдымная любоў Бога да ўсяго чалавецтва і пасланне Езуса, каб збавіць тых, хто мае веру, звязаны між сабой асаблівым чынам. Евангеліст Ян ведае, што не кожны, хто чуе абвяшчэнне, становіцца аўтаматычна хрысціянінам. Гэта не віна прапаведніка, калі хтосьці адкідае пасланне. “Не паслаў Бог Сына свайго ў свет, каб судзіць свет”. Тым не менш, св. Ян хрысціянскае пасланне прадстаўляе як прапанову адгукнуцца на дзеянне Божай ласкі.

Той, хто верыць у Езуса, не прыходзіць на суд (гэта значыць: не асуджаны); той, хто не верыць, ужо прыходзіць на суд, ужо асуджаны, бо не верыць “у імя Адзінароднага Сына Божага”. Паколькі няма збаўлення акрамя веры ў Хрыста, суд над няверуючымі непазбежны. Аднак гэты суд з’яўляецца лагічнай неабходнасцю, а не мэтай паслання Езуса. Фактычна, сённяшні фрагмент можна назваць кароткім зместам Евангелля: яно бярэ свой пачатак з любові Бога да непаслухмянага свету, сканцэнтравана на адданні Адзінароднага Сына свету і для свету, і яго мэта – каб людзі не былі згублены, але жылі пад выратавальнай уладай Бога. Любоў Бога да збунтаванага свету становіцца прычынай уцелаўлення і смерці Хрыста. І гэта фундаментальны змест паслання Евангелля, якое свядома супраціўляецца грэшнай тэндэнцыі да ўсялякіх формаў ізаляцыі.