«Не бойцеся тых, хто забівае цела»

Сёння Езус, пасля абрання дванаццаці, пасылае іх і дае ім настаўленні. Ён папярэджвае іх пра пераслед, якому яны, верагодна, падвергнуцца, і раіць, якой павінна быць іхная пастава: «Не бойцеся тых, хто забівае цела, а душы забіць не можа. Бойцеся хутчэй Таго, Хто душу і цела можа загубіць у пекле» (Мц 10,28). Слова гэтай нядзелі развівае тэму пераследу з-за Езуса ў стылі, які нагадвае апошняе Блаславенство з Нагорнай пропаведзі (параўн. Мц 5,11).

Вывад Езуса парадаксальны: з аднаго боку, Ён двойчы кажа «не бойцеся» і паказвае Айца, які клапоціцца нават пра палявых птушак, а з другога – не кажа нам, што гэты Айцец абароніць нас ад нягод, а наадварот: калі мы будзем Ягонымі паслядоўнікамі, хутчэй за ўсё, нас чакае такі ж лёс, як Яго ці іншых прарокаў. Як гэта разумець? Ахова Божая заключаецца ў здольнасці даваць жыццё нашай асобе (нашай душы), даваць шчасце нават падчас нягод і пераследаў. Ён можа даць нам радасць Ягонага Валадарства, якая паходзіць з глыбокага перажывання яго ўжо тут, на зямлі, як задатку жыцця вечнага: «Дык вось, кожнага, хто прызнаецца ўва Мне перад людзьмі, і Я прызнаюся перад Айцом Маім» (Мц 10,32).

Давер’е, што Бог ёсць з намі ў кожны цяжкі момант жыцця, дае нам сілу абвяшчаць словы Езуса ў поўным святле. Яно дае нам таксама здольнасць рабіць дабро так, каб дзякуючы нашым учынкам людзі маглі хваліць Бога ў небе. Святы Ансельм навучае нас: «Рабіце ўсё дзеля Бога і дзеля таго шчаслівага і вечнага жыцця, якое наш Збаўца абяцаў вам даць у небе».