«Прынясіце Мне іх сюды»

Сёння Езус паказвае нам, як моцна Ён хоча ўцягнуць нас у Сваю справу адкуплення. Ён, Які стварыў неба і зямлю з нічога, мог бы гэтак жа добра арганізаваць раскошную вячэру, каб накарміць натоўп.

Але Ён вырашыў учыніць цуд з таго, што маглі даць Яго вучні. «Няма ў нас тут нічога, акрамя пяці хлябоў і дзвюх рыб» (Мц 14,17), сказалі Яму. «Прынясіце Мне іх сюды» (Мц 14,18), адказаў Езус. І Пан памножыў такі малы запас — недастатковы нават для таго, каб накарміць звычайную сям’ю — і накарміў каля 5000 сем’яў.

Падобна Пан паступіў і на вяселлі ў Кане. Той, Хто стварыў усе моры, мог бы з лёгкасцю напоўніць найлепшым віном гэтыя 100 літраў пасудзін, з нічога. Але таксама вырашыў уцягнуць у цуд Свае стварэнні, загадаўшы спачатку напоўніць пасудзіны вадой.

І тую ж самую схему мы заўважым у Эўхарыстыі. Езус не пачынае з нуля, ні з зерня ці вінаграду, але з хлеба і віна, якія ўжо нясуць у сабе плён рук чалавечых.

Нябожчык кардынал Францішак Ксаверый Нгуен Ван Тхуан, вязень в’етнамскіх камуністаў з 1975 па 1988 год, разважаў, як спрыяць Валадарству Хрыстову і клапаціцца пра Яго статак, калі ён змагаўся з жорсткімі пакутамі адзіноты. І, усведамляючы, як мала ён можа зрабіць з турэмнай камеры, ён вырашыў, што прынамсі раз на дзень можа ахвяраваць Пану свае «пяць хлябоў і дзве рыбы», а астатняе пакінуць у руках Божых. І Пан памножыў гэтыя малыя высілкі, ператварыўшы іх у сведчанне, якое натхніла не толькі в’етнамцаў, але і ўвесь Касцёл.

Сёння Пан просіць нас, сваіх сучасных апосталаў, «даць натоўпу нешта паесці» (параўн. Мц 14,16). Няважна, колькі мы маем — шмат ці мала: аддайма гэта Пану і дазволім Яму дзейнічаць далей.