«Так, Пане, але ж і шчаняты ядуць з ападак, якія падаюць са сталаў іх гаспадароў»
Сёння мы разважаем над сцэнай з жанчынай хананеянкай: паганкай, не ізраільцянкай, дачка якой вельмі хворая, апанаваная злымі духамі. Жанчына чула пра Езуса, выходзіць Яму насустрач і крычыць у Яго бок: «Змілуйся нада мною, Пане, Сыне Давіда! Маю дачку цяжка мучыць злы дух» (Мц 15,22). Яна нічога не просіць у Яго, а толькі кажа Яму пра хваробу, якая ўзрушае яе дачку, спадзеючыся, што Езус пачне дзейнічаць.
Езус «робіць выгляд, што не чуе». Чаму? Можа, таму, што ўбачыў веру гэтай жанчыны і жадаў яе паглыбіць. Жанчына не перастае благаць, настолькі, што вучні просяць Езуса, каб Ён адправіў яе. Вера гэтай жанчыны праяўляецца, перш за ўсё, у яе пакорнай настойлівасці, на якую паказваюць словы вучняў: «Адпраў яе, бо крычыць за намі!» (Мц 15,23).
Жанчына не перастае благаць; не адступае. Маўчанне Езуса тлумачыцца тым, што Ён прыйшоў толькі для дома Ізраілева. Аднак пасля ўваскрасення Ён скажа сваім вучням: «Ідзіце па ўсім свеце і абвяшчайце Евангелле ўсяму стварэнню!» (Мк 16,15).
Гэтае маўчанне Бога часам нас трывожыць. Колькі разоў мы скардзіліся на гэтае маўчанне? Але хананеянка ўпадае ў пакору, падае на калені. Гэта пастава пакланення. Езус адказвае ёй, што не добра браць хлеб у дзяцей і кідаць сабакам. Жанчына адказвае Яму: «Так, Пане, але ж і шчаняты ядуць з ападак, якія падаюць са сталаў іх гаспадароў» (Мц 15,26-27).
Разважлівая жанчына. Яна не крыўдзіцца, не пярэчыць, а толькі прызнае Яго рацыю. «Так, Пане». Але ёй удаецца перацягнуць Яго на свой бок. Нібыта яна кажа Яму: – Я як сабака, але сабака знаходзіцца пад апекай свайго гаспадара.
Хананеянка дае нам выдатны ўрок: яна прызнае рацыю Пана, які заўсёды мае рацыю. – Не ўпірайся ў сваёй рацыі, калі станеш перад Панам. Ніколі не наракай, а калі ўжо панаракаеш, дык у канцы скажы: «Пане, няхай будзе воля Твая».