12 верасня, з вялікай радасцю ў Гомелі мы адзначылі свята Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Святкуем і дзякуем Пану Богу, нашаму Стварыцелю за гэты вялікі дар, якім Марыя з’яўляецца для ўсяго свету і для кожнага з нас.
Нараджэнне Найсвяцейшай Панны Марыі — адно з найстарэйшых Марыйных святаў у нашым Касцёле.
Ужо ў V стагоддзі, калі Эфескі сабор (431 г.) абвясціў догмат аб Божым Мацярынстве Найсвяцейшай Панны Марыі, у Ерузалеме адбылося асвячэнне базылікі ў месцы нараджэння Маці Божай. А ў VII стагоддзі гэтае свята было ўжо вядома і ў Візантыі, і ў Рыме.
Нягледзячы на тое, што Святое Пісанне не апісвае нараджэння Марыі, з некаторых старажытных апокрыфаў мы можам даведацца пра развіццё хрысціянскай пабожнасці ў адносінах да Багародзіцы. Згодна з гэтымі аповедамі, святыя Ганна і Яўхім на працягу многіх гадоў маліліся, просячы, каб Бог адарыў іх ласкаю нараджэння дзіцяці. І ўрэшце яны атрымліваюць абяцанне, што ў іх народзіцца дзіця, праз якое Бог ажыццявіць план збаўлення свету. Бацькі Марыі сваёй глыбокай верай, пастаяннай малітвай і бязмежным даверам да Бога падрыхтавалі глебу для нараджэння Той, якая стане Маці самога Збаўцы.