“Я ж хачу даць гэтаму апошняму так, як і табе” (Мц 20, 14)
Евангельскі ўрывак, які сёння гучыць падчас усіх св. Імшаў, можа здавацца складаным для прапаведніка і для вернікаў. Па-першае, як з боку гледжання прынцыпаў сацыяльнай справядлівасці, так і звычайнай этыкі, складана прызнаць нармальным такі спосаб налічэння заработнай платы, як у гэтай евангельскай сцэне. А па-другое, ужо ж ці не міліён разоў было сказана, што тут проста трэба ўсё разумець у пераносным сэнсе. Тут наскрозь адны метафары. Маўляў, прыпавесць паказвае, што Бог шчодры і міласэрны, што Ён не лічыць нашыя заслугі, як бухгалтар, што Яго міласэрнасць вышэйшая за нашыя разлікі і т.п. Абы толькі чалавек адгукнуўся на Божы заклік і прыняў дар Яго любові. Ідучы па класіцы, мы, канечне ж, узгадаем укрыжаванага праваруч Хрыста злачынцу, які толькі ў апошнюю хвіліну пакаяўся, а тым не менш быў збаўлены. Магчыма, прыпомнім і некаторых святых, якія ў той ці іншы час навярнуліся і радыкальна перамянілі сваё жыццё – ну, хаця б той самы св. Аўгустын ці св. Каміл дэ Леліс або св. Марыя Егіпецкая. Ды ў прынцыпе, шмат хто…
І што тут новага сказаць? Баюся, што нічога. Нават штосьці “новенькае”, калі добра пашукаць, акажацца тым, пра што ўжо некалі кімсьці было сказана. Але менавіта цяпер мы падыходзім да сутнасці справы. А справа ў тым, што з Евангелля мы чэрпаем не навінкі, а адкрываем у ім спрадвечную Божую мудрасць. І не важна, што да нас яе ўжо адкрывалі не раз. Трэба зноў і зноў станавіцца перад ёю ў пакоры. Ну, бо без пакоры складана прыняць дар міласэрнасці ад Бога. Без пакоры складана прызнаць факт, што Бог можа быць міласэрным да кагосьці, хто табе не зусім сімпатычны. Без пакоры складана згадзіцца з тым, што Бог добры. Ён проста добры і ўсё тут. Урэшце, без пакоры складана прасіць Бога аб дапамозе ў тым, каб магчы “весці жыццё, годнае Евангелля Хрыстовага” (Флп 1, 27а).
У Бога насамрэч не бывае першых і апошніх. Ён глядзіць цяпер на кожнага з нас і кліча да сябе ў вінаграднік. Не мае вялікага значэння, што было. Мае значэнне гэта хвіліна і пакорная згода вырушыць у непрадказальнае, але цікавае падарожжа веры і навяртання.