Прыпавесць пра гаспадара і вінаградараў з’яўляецца метафарай гісторыі збаўлення. Уладальнік вінаградніка – гэта вобраз Бога, які з любові стварыў свет і аддаў усё ў рукі чалавека. Пры гэтым Бог не аддаліўся ад свайго стварэння. Ён наглядае за сітуацыяй, а ў асабных выпадках далікатна ўваходзіць у яе, каб чалавеку дапамагчы. Бог пасылае прарокаў, дае знакі і ўрэшце пасылае свайго Сына. Бязмежная любоў, аднак, аказалася растаптанай, высмеянай, адкінутай. Гэту гісторыю можна было б назваць гісторыяй з нешчаслівым канцом, калі б не адзін нюанс – гісторыя яшчэ не скончылася.
Праца ў вінаградніку знаходзіцца ў самым разгары. Работнік вінаградніка – гэта кожны з нас у створаным Богам свеце. Кожны з нас мае ад Бога пэўны крэдыт даверу. Таксама да кожнага Бог цяпер звяртаецца тым ці іншым спосабам. Кожны мае магчымасць зрабіць уласны выбар. Мы настолькі свабодныя ў выбары, што можам нават паспрабаваць забіць Бога, гэта значыць выкінуць Яго цалкам са свайго жыцця. Але чалавек, атрымаўшы дар свабоды, будзе павінен адказаць за выкарыстанне гэтага дару. Злоўжыванне даверам і адкідванне Божай любові некалі вернуцца бумерангам. Адкідваючы Бога, чалавек насамрэч падымае руку на самаго сябе. І таму цяпер варта паставіць пытанне для асабістага роздуму: з якім настроем і з якімі далейшымі планамі я працую ў вінаградніку?
І апошняе – гэта прыпавесць усё ж не з’яўляецца маралізатарствам. Трэба, канечне, зрабіць маральныя высновы і старацца быць добрым вінаградарам. Тым не менш прыпавесць у сваёй істоце пра іншае. Яна пра “той камень, які адкінулі будаўнікі” і які “стаўся галавою вугла”. Інакш кажучы, Бог дае нам сёння чарговы напамін, што апошняе слова заўсёды за Ім. Заўсёды пераможа Бог, заўсёды пераможа Яго любоў. І гэта самае “дзіўнае ў вачах нашых”. У прыпавесці па-любому будзе шчаслівае заканчэнне.