Святы Караль Барамэй з семінарыстамі. П’етр Аральдзі, 1809 г.

Караль Барамэй нарадзіўся 2 кастрычніка 1538 года ў горадзе Арона, размешчаным недалёка ад возера Лага-Маджорэ, у Ламбардыі на паўночным захадзе Італіі. Ён быў трэцім з шасці дзяцей, двое з якіх былі хлопчыкамі, народжанымі ў графа Гілберта Барамэя і Маргарыты Медычы. Сям’я была звязана законам першародства, гэта значыць, што толькі старэйшы сын, Федэрыка, мог атрымаць у спадчыну тытул, зямлю і маёнтак свайго бацькі. Малодшых сыноў традыцыйна адпраўлялі альбо на ваенную, альбо на царкоўную службу. Паколькі яго дзядзька па матчынай лініі Джавані Анджэла Медычы быў арцыбіскупам, для Караля быў абраны апошні варыянт.

Першапачаткова навучаўся ў родным замку. Пасля атрымання хатняй адукацыі ён пачаў вывучаць рэлігію ва ўніверсітэце Павіі, дзе 6 снежня 1559 года атрымаў ступень доктара грамадзянскага і кананічнага права. Ужо тады быў чалавекам надзвычай набожным і старанным як у веры, так і ў працы. Праз дзевятнаццаць дзён, на Каляды, яго дзядзька Джавані быў абраны Папам, прыняўшы імя Пій IV і змяніўшы Паўла IV. 30 студзеня 1560 года ён прызначыў Караля кардыналам-дыяканам, дзяржаўным сакратаром і адміністратарам Міланскай архідыяцэзіі, хоць ен і не меў ані тэалагічнай адукацыі, ані святарскага пасвячэння.

Трагедыя напаткала сям’ю Барамэяў ў ноч з 19 на 20 лістапада 1562 года. Старэйшы брат Караля, Федэрыка, які атрымаў у спадчыну ад бацькі тытул графа Барамэй, памёр, не пакінуўшы спадчынніка. Такім чынам, Караль меў права атрымаць тытул і сямейны стан, але пасля малітоўнага разважання ён вырашыў адмовіцца ад тытула, грошай і сямейнага становішча. Часам кажуць, што гісторыя “разгортваецца на месцы”. Караль Барамэй – таму пацверджанне. Яго выбар змяніў як яго ўласнае жыццё, так і шлях контррэфармацыі каталіцкай царквы.

У 1542 годзе Папа Павел ІІІ заклікаў да склікання Сусветнага сабора, каб супрацьстаяць вучэнням Марціна Лютэра і Жана Кальвіна. Ён павінен быў адбыцца ў горадзе Трэнта, размешчаным у горным рэгіёне паўночна-ўсходняй Італіі. Яго трыма мэтамі былі вызначэнне каталіцкай дактрыны, выданне дысцыплінарных правілаў для Царквы і аднаўленне хрысціянскай еднасці. Сабор пачаўся толькі праз тры гады. На працягу першых двух сесій, 1545-49 і 1551-52, наведвальнасць была беднай, і прагрэс быў павольным. Нарэшце, у 1562 годзе Папа Пій IV склікаў трэцюю сесію, прызначыўшы кардынала Барамэя адным з яе галоўных кіраўнікоў. Менавіта гэтая трэцяя сесія аказалася самай прадуктыўнай. Адным з важных правілаў гэтай сесіі стаў канон (глава) 18, які прадпісваў стварэнне духоўнай семінарыі ў кожнай дыяцэзіі для падрыхтоўкі святароў з асаблівай увагай да бедных хлопчыкаў, тым самым не абмяжоўваючы святарства толькі заможнымі людзьмі. Прадпісваліся заняткі па лацінскай граматыцы, спеве, Святым Пісанні, патралогіі, дактрыне, літургіі і бухгалтарскім уліку. У наступныя гады заснаванне такіх семінарый прынесла Каралю Барамэю найбольшую вядомасць.

Караль Барамэй быў пасвечаны ў святары 4 верасня 1563 г. у разгар трэцяй сесіі Трыдэнцкага сабора, а затым узведзены ў сан біскупа 7 снежня таго ж года, праз тры дні пасля завяршэння сабора. Ён быў павышаны з пасады адміністратара да арцыбіскупа Мілана, другой па велічыні епархіі пасля Рыма ў Італіі. Аднак яго пасада дзяржаўнага сакратара патрабавала, каб ён заставаўся ў Рыме. Пасля смерці Пія IV дамініканец Антоніа Мікеле Гізліера пры падтрымцы Барамэя быў абраны папам у 1566 годзе, прыняўшы імя Пій V. Караль папрасіў аб адхіленні ад дыпламатычнай пасады і дазволе адправіцца ў Мілан. Гэта было зроблена, і Барамэй стаў першым біскупам-рэзідэнтам Мілана за 80 гадоў. Падчас працяглай эпідэміі чумы Караль Барамэй сам клапаціўся пра хворых і паміраючых, жывучы амаль выключна на хлебе і вадзе.

Першая Святая Камунія святога Алаізія Ганзагі.

Барамэй правёў Трыдэнцкую рэформу ў Мілане. Яшчэ адміністратарам ён адкрыў семінарыю Святога Яна Хрысціцеля, у якой навучалася каля 100 студэнтаў. За час яго арцыбіскупства было адчынена яшчэ пяць семінарый, дзе навучалася каля 700 студэнтаў. Ён таксама займаўся асветай свецкіх сваёй дыяцэзіі, заснаваўшы Братэрства хрысціянскага вучэння (Confraternity of Christian Doctrine, скр. CCD). Акрамя таго, Караль быў духоўным настаўнікам святога Алаізія Ганзагі, удзяліўшы яму Першую Святую Камунію ва ўзросце 12 гадоў у 1580 годзе.

Ён пачаў рэформу рэлігійных ордэнаў, заснаваўшы Аблатаў Святога Амброзія, былога біскупа Мілана, на аснове Кангрэгацыі Араторыя Святога Філіпа Неры, міланскага сучасніка Караля. Аблаты былі пазней перайменаваны ў гонар Караля. Не ўсе ордэны віталі гэтую рэформу. Адзін з іх, Гумільяты (англ. Humiliati, іт. Umiliati), (іранічна, улічваючы біскупскі дэвіз Караля: “Gloriam praecedit Humilitas”), быў утвораны ў XI стагоддзі як ордэн рэформаў, але разбагацеў і разбэсціўся за стагоддзі, паколькі яны апрацоўвалі поўсць і шылі адзенне. Калі Караль прызначыў новага генеральнага настаяцеля-рэфарматара, адзін манах, Джероламо Даната Фарына (Gerolamo Donato Farina), узяў справу ў свае рукі, арганізаваўшы змову з мэтай забойства. Падчас Вячэрняй малітвы 26 кастрычніка 1569 года ў саборы па Каралю прагучалі стрэлы з мушкета. Барамэй быў лёгка паранены і ачуняў. Папа Пій V пазней забараніў Ордэн Гумільяты.

Падчас яго арцыбіскупства адбылося два стыхійныя бедствы: голад у 1560-х гадах і чума ў 1570-х гадах. Ён адрэагаваў, ахвяраваўшы ўласныя сродкі на дапамогу галадаючым і аказаўшы духоўную і матэрыяльную дапамогу хворым. Ён таксама падтрымаў контррэфармацыю ў Англіі, аказаўшы фінансавую падтрымку Англійскаму каледжу ў Дуэ (Францыя), пасябраваўшы з езуіцкім святаром Эдмундам Кэмпіёнам, які пасля прыняў пакутніцкую смерць.

Знясілены самаахвярным служэннем, Караль Барамэй памёр 3 лістапада 1584 года ва ўзросце 46 гадоў ад малярыі. У яго пахаванні бралі ўдзел натоўпы вернікаў, якія шчыра аплаквалі свайго пастыра. Ён быў пахаваны ў міланскай катэдры, дзе яго рэліквіі спачываюць да сённяшняга дня, а кананізаваны папам Паўлам V 1 лістапада 1610 года. За сваю асветніцкую дзейнасць у гады Рэфармацыі ён быў названы святым апекуном як душпастыраў, так і семінарыстаў у яго просяць паратунку ад заразы.

Успамін святого Караля Барамэя – 4 лістапада.