Чакаючы надыходу дня Уваскрасення Пана, святары і вернікі нашай парафіі трываюць у малітве і перажываюць чарговыя этапы пасхальнага Трыдуума. Сёння галоўнай падзеяй дня стала Літургія Мукі Пана пад кіраўніцтвам ксяндза біскупа Андрэя Зноскі.

У прамоўленай гаміліі ксёндз біскуп узгадаў словы славутага душпастыра, першага духоўнага айца Гродзенскай духоўнай семінарыі, ксяндза Міхала Варанецкага (†1998), што самае цяжкае ў служэнні святара – гэта прыйсці да хворага чалавека. Святар можа проста не падабраць адпаведных слоў для асобы, якая нясе крыж цяжкай хваробы. Але такому чалавеку заўсёды знойдзе што сказаць Пан Езус, бо Ён вельмі добра разумее боль пакутаў. Заданне ж святара – перадусім быць побач. Дзейнічае праз яго Бог, які спасылае вялікія ласкі. Біскуп падкрэсліў, што Хрыстус церпіць з намі, суцяшае і падтрымлівае нас. Хрыстус ведае ўсё пра нашы пакуты. Зрэшты, не толькі пра фізічныя: “Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?” (Мк 15, 34).

Кульмінацыяй Літургіі стала адарацыя Святога Крыжа, перад якім першым схіліў калені ксёндз біскуп Андрэй, а за ім па чарзе ўсе іншыя ўдзельнікі набажэнства. Напрыканцы была ўдзелена Святая Камунія – падмацаванне для знясіленых. Жадаючыя  мелі магчымасць адараваць Найсвяцейшае Цела Хрыста, змешчанае ў сімвалічным гробе.