У трыццаты дзень пасля смерці біскупа Казіміра Велікасельца OP, 9 сакавіка, вернікі і святары з Мазырскага і Гомельскага дэканатаў маліліся за спачыўшага іерарха ў гомельскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Біскуп Казімір пражыў пры гэтым касцёле больш за дзесяць гадоў свайго жыцця, штодня маліўся ў ім, спавядаў і рэгулярна цэлебраваў св. Імшы. Іерарх клапаціўся і аб будаўніцтве касцёла ў другой гарадской парафіі – Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі, а разам з тым прымаў чынны ўдзел у ажыцяўленні душпастырскай апекі над мясцовай грамадой вернікаў. Менавіта ў той парафіі, у часовай капліцы, ён і адправіўся па вечную ўзнагароду да Бога ў нядзелю 8 лютага, рупліва выконваючы штодзённыя святарскія абавязкі. Напярэдадні, 8 сакавіка, за біскупа Казіміра Велікасельца ў абедзьвюх парафіях маліўся таксама дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска падчас свайго візіту ў Гомель.