26 красавіка ў лучнасці з Паўсюдным Касцёлам гомельскія вернікі памаліліся аб вечным супакоі для Святога Айца Францішка ў дзень яго пахавання. Пачатак набажэнства абвесціў звон, які сімвалічна адлічыў гады жыцця спачыўшага Пантыфіка. А адзінаццатай гадзіне, акурат у той самы час, калі пахавальная ўрачыстасць распачыналася ў Ватыкане, св. Імша пад кіраўніцтвам Яго Эксцэленцыі біскупа эмэрыта Казіміра Велікасельца пачалася таксама ў гомельскім касцёле Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі. Мясцовы душпастыр кс. Юрый Дрозд на самым пачатку Літургіі нагадаў важнейшыя моманты біяграфіі Папы Францішка, прывітаў прысутных вернікаў, прадстаўнікоў улады і супрацоўнікаў шэрагу мясцовых СМІ. Гомельскі аблвыканкам на св. Імшы прадстаўляў спадар Фралоў Максім Віктаравіч.

У прамоўленай гаміліі ксёндз біскуп Казімір Велікаселец распавёў аб біблейскіх вытоках прымату апостала Пятра. Найстарэйшы ў Беларусі іерарх падкрэсліў сувязь паміж служэннем Папы Францішка і дзейнасцю святога рыбака з Галілеі, паразважаў аб дзеянні Божага Провіду ў гісторыі, прыводзячы аўтарытэтныя сведчанні знакамітых дзеячаў навукі і культуры. Пасля заканчэння набажэнства біскуп-эмэрыт даў інтэрв’ю журналістам, якія вялі рэпартаж з касцёла.

Фота: Аляксандра Ячэнка