Святы пасхальны Трыдуум, калі Касцёл урачыста адзначае найбольшую таямніцу нашага адкуплення, святары і вернікі гомельскай парафіі Нараджэння Найсвяцейшай Панны Марыі распачалі святой Імшой Вячэры Пана. Яе цэлебрацыю ўзначаліў дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска. Іерарх трапна звязаў пасланне Літургіі Слова і ўласны святарскі досвед, каб нагадаць усім удзельнікам святой Імшы, што Эўхарыстыя – гэта найкаштоўнейшы скарб, вышэй за які ў Касцёле нічога быць не можа. Біскуп Андрэй таксама асаблівым чынам падкрэсліў праўду аб вялікай і міласэрнай любові Бога.

Падчас урачыстай Літургіі быў здзейснены абрад абмывання ног дванацаці выбраным мужчынам, а напрыканцы святочнай Эўхарыстыі Найсвяцейшы Сакрамэнт у адпаведнасці з літургічнымі прадпісаннямі быў перанесены ў імправізаваную цямніцу, дзе ўсе жадаючыя пасля заканчэння набажэнства мелі магчымасць адараваць Пана Езуса ў цішыні.