Удзячнасць, любоў, усведамленне сваёй хрысціянскай тоеснасці і пачуццё прыналежнасці да адной сям’і – так агульна можна было б ахарактарызаваць атмасферу, у якой гомельскія вернікі і іх душпастыры на чале з ксяндзом біскупам Андрэем Зноскам сустрэлі Вялікдзень.
Падчас Пасхальнай вігіліі ксёндз біскуп наблізіў для ўсіх сэнс і сімволіку знакаў, якімі так багата напоўнена гэта Літургія. Яго Эксцэленцыя ілюстраваў свае разважанні прыкладамі людзей, чыё жыццё было жывым знакам веры і ззяння Хрыстовага святла. Асабліва кранальнымі былі ўспаміны біскупа падчас ранішняй святой Імшы ў нядзелю аб яго продках і іх традыцыях святкавання Пасхі. Біскуп Андрэй узгадаў сваіх бабулю і дзядулю, якія падчас вайны, нягледзячы на неверагодна складаныя варункі, умелі шчыра радавацца праўдзе аб уваскрасенні Езуса. Таксама ў святую пасхальную раніцу ён маліўся за людзей, якія палеглі ў абароне нашай Айчыны ў гады Другой сусветнай вайны і пажадаў божага благаслаўлення для нашых братоў і сясцёр з іншых хрысціянскіх канфесій.