Святкаванне 7 студзеня ў Гомелі 100-годдзя заснавання Сясцёр Бэнэдыктынак Самарыцянак Крыжа Хрыстовага мела сваім цэнтрам Святую Імшу падзякі, якую ўзначаліў біскуп Андрэй Зноска з Пінска. Разам з ім Эўхарыстыю цэлебравалі святары Гомельскага дэканату на чале з дэканам, айцом Леанардам Адушкевічам OSPPE, і ксёндзом Юрыем Варанко, які спецыяльна прыбыў з Пружанаў. Велічная святыня была запоўнена вернікамі, сябрамі і супрацоўнікамі Сясцёр Бэнэдыктынак Самарыцянак, якія ў Гомелі дапамагаюць найбольш патрабуючым і абяздоленым. На бачным месцы каля алтара была змешчана адмысловая дэкарацыя ў гонар Слугі Божай Вінцэнты Ярашэўскай OSBSam, заснавальніцы 100-годняга манаскага ордэна.
Біскуп Андрэй прысвяціў Найсвяцейшую Эўхарыстыю за ўсю манаскую супольнасць Сясцёр Бэнэдыктынак Самарыцянак, асабліва просячы Бога аб новых і святых пакліканнях у гэты ордэн. Як падкрэсліў іерарх, свамі малітвамі падчас Святой Імшы ён ахінае таксама сясцёр Юзэфу і Камілу, якія шмат гадоў нясуць служэнне на гомельскай зямлі.
У прамоўленым казанні біскуп звярнуў увагу на прыклад духоўнага айца Сясцёр Бэнэдыктынак Самарыцянак – святога Бэнэдыкта з Нурсіі. “Жывучы ў часе вялікага перасялення народаў, сярод руін і зарослых бур’янам палёў, святы Бэнэдыкт адкрыў немудрагелісты, але цудоўны ў сваёй сіле спосаб змагання з хаосам: Ora et labora! Малітва і праца! – навучаў іерарх. – Дарагія сёстры, сёння, калі вы служыце людзям, да якіх найбольш дакрануліся хвароба, гора, недастатак, і часам выдаецца, што людзкая бяда – як бурлівы водны паток, які ўсё змятае і нясе ў акіян нядолі, вы тыя, хто супрацоўнічае з Богам і сее дабро ў гэтым свеце. Дабро робіцца, яно ёсць і яно пераможа, але не само па сабе, а нашымі рукамі. А што не ў нашых сілах, тое даробіць сам Бог…”
📷 За фотаздымкі вялікі дзякуй Аляксандры Ячэнка.