ЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 11, 2–11
Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Калі Ян пачуў у вязніцы пра чыны Хрыста, паслаў вучняў сваіх спытаць Яго: Ты той, які павінен прыйсці, ці нам чакаць іншага? І сказаў ім Езус у адказ: Ідзіце, абвясціце Яну тое, што чуеце і бачыце: сляпыя зноў бачаць і кульгавы ходзяць, пракажоныя ачышчаюцца і глухія чуюць, памерлыя ўваскрасаюць і ўбогім абвяшчаецца Добрая Навіна. І шчаслівы той, хто не будзе сумнявацца ўва Мне.
Калі ж яны пайшлі, Езус пачаў гаварыць народу пра Яна: На што выйшлі вы ў пустыню глядзець? На трысціну, якую вецер хістае? На што ж вы хадзілі глядзець? На чалавека, апранутага ў мяккія шаты? Тыя, хто носіць мяккія шаты, знаходзяцца ў каралеўскіх дамах. На што вы хадзілі глядзець? На прарока? Так, кажу вам, і нават больш, чым на прарока. Гэта той, пра каго напісана: Вось Я пасылаю анёла Майго перад Табою, які падрыхтуе Табе дарогу. Сапраўды кажу вам: сярод народжаных жанчынамі не з’явіўся большы за Яна Хрысціцеля. Але найменшы ў Нябесным Валадарстве — большы за яго.
Гэта слова Пана.
На што вы хадзілі глядзець?
Слова Божае сённяшняй нядзелі Адвэнту вельмі багатае і прапануе разнастайныя тэмы. Прарок Ісая пры дапамозе нязвыкла прыгожых алегорый і параўнанняў малюе прад намі вобраз будучыні, якую Бог рыхтуе для свайго Народа. Безумоўна, з нашга боку патрабуецца вялікая адвага, каб стаць спадкаемцамі гэтага прыгожага абяцання, а таму “нашыя калены не могуць дрыжэць” і “рукі не маюць права быць знясіленымі”. Святы Павел заахвочвае нас да трываласці і вернасці нашай надзеі і веры. А Хрыстос у Евангеллі тройчы задае пытанне пра тое, што мы намагаемся ўбачыць вакол нас.
Гэтае пытанне Езус накіраваў да народу ў адносінах да Яна. На што вы хадзілі глядзець? Пытанне глыбокае і важнае. Калі чытаем уважліва тэкст, то складаецца ўражанне, што Хрыстос мае на ўвазе звычацную людзкую цікавасць, якая не заўсёды мае добрыя і шчырыя матывы. Многія выходзілі ўбачыць штосьці нязвыклае, і магчыма, суровы вобраз Хрысціцеля мог кагосьці нават знеахвоціць, альбо стаць перашкодай для навяртання.
Паставім гэтае пытанне самім сабе. На што мы ходзім глядзець? Што шукаем навокал нас, куды імкне наша ўвага, нашыя думкі? Што хочам убачыць і што па-сапраўднаму нас цікавіць? Атракцыя, нязвыклыя рэчы, штосьці, што прыносіць крыху “адрэналіну”? Ці не забыліся мы, што ў малым можа быць сапраўднае і вялікае? Ці свядомыя мы, што дабро не рэкламнае і не крыклівае? Ці ўмеем слухаць у цішыні, адчуваць таемнае і бачыць тое, што не кідаецца ў вочы само? Што мяне прыцягвае і вабіць?
Езу, пакажы мне, у які бок я павінен глядзець!