ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)
Мц 5, 1–12а
Шчаслівыя ўбогія духам
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Убачыўшы натоўп, Езус падняўся на гару. А калі сеў, падышлі да Яго вучні Ягоныя. І, адкрыўшы вусны свае, Ён вучыў іх, кажучы:
Шчаслівыя ўбогія духам, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя засмучаныя, бо яны суцешаныя будуць.
Шчаслівыя лагодныя, бо яны зямлю атрымаюць у спадчыну.
Шчаслівыя галодныя і прагнучыя справядлівасці, бо яны насычаныя будуць.
Шчаслівыя міласэрныя, бо яны міласэрнасць спазнаюць.
Шчаслівыя чыстыя сэрцам, бо яны Бога ўбачаць.
Шчаслівыя міратворцы, бо яны сынамі Божымі названыя будуць.
Шчаслівыя, каго пераследуюць за справядлівасць, бо іх ёсць Валадарства Нябеснае.
Шчаслівыя вы, калі будуць вас зневажаць і пераследаваць, і ўсяляк зласловіць несправядліва з-за Мяне.
Радуйцеся і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў нябёсах.
Гэта слова Пана.
Калі мы чуем словы: “Шукайце Пана, … шукайце Яго справядлівасці…” у першым чытанні, то ці сапраўды можам суаднесці гэтыя словы з сабою? Часта, ў процілегласць з сённяшнім урыўкам Евангелля аб тым, каго Езус называе “Шчаслівым”, мы не хочам быць засмучанымі, лагоднымі, убогімі духам і гэтак далей. Мы не шукаем Пана і Яго справядлівасці, але справядлівасці гэтага свету і закон “моцных гэтага свету” прыцягвае нас. Мала каму хочацца быць нязначным, слабым у вачах свету, людзей навокал.
Але ў сённяшнім Слове Евангелля з’яўляецца моцнае слова “БО…” Слова, якое дае іншую перспектыву. Не быць лагодным, міласэрным, чыстым сэрцам “з-пад прымусу”. Але для таго, “бо…” Не быць такім таму, каб пераносіць няпростае з прыемнасцю проста так. Але таму, што ёсць нешта большае, нешта, да чаго я імкнуся і менавіта таму гатовы прыняць, што свет бачыць мяне не такім, якім прынята дасягаць поспеху.
Гэта заўсёды актуальнае пытанне для нас як хрысціянаў – прагнем мы прызнання цяпер ад людзей ці прагнем усвядоміць, што жылі па праўдзе, калі ўсё і для ўсіх стане ясным і празрыстым пасля? Ці шукаем мы прамінаючых вынікаў, альбо імкнемся да мэтаў большых, мэтаў усяго жыцця і існавання?
У сваім Казанні на гары Езус ставіць перад намі неверагодна высокія ідэалы веры і спадзявання на Божыя абяцанні. І дасягнуць іх немагчыма без стварэння супольнасці з Госпадам, без веры, што існуе нешта большае, чым актуальныя дабрабыт і добрае самаадчуванне. Нам неабавязкова даказваць людзям наколькі мы значныя, моцныя, істотныя. У вачах Бога мы з’яўляемся тымі, кім мы ёсць. І праўда нашых чынаў, думак, словаў паказвае гэта. Сённяшняе Слова пра тое, якія мы насамрэч. Да чаго мы так сапраўды імкнемся і ці не падманваем саміх сябе. А таксама пра тое, што калі нават часам нам цяжка, няпроста, то ёсць повад назваць сябе “Шчаслівым”, “Шчаслівай…”