ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)
Ян 10, 1–10
Я — брама для авечак
+ Чытанне святога Евангелля паводле Яна.
У той час:
Езус сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: хто ўваходзіць не праз браму на авечы двор, але залазіць інакш, той злодзей і злачынец. А хто ўваходзіць праз браму, той пастыр авечак. Брамнік яму адчыняе, і авечкі слухаюцца голасу ягонага; кліча сваіх авечак па імені і выводзіць іх. А калі ўсіх выведзе, ідзе перад імі, і авечкі ідуць за ім, бо ведаюць ягоны голас. За чужым не ідуць, але ўцякаюць ад яго, бо не ведаюць голасу чужых.
Такую прыпавесць сказаў ім Езус, але яны не зразумелі, што Ён казаў ім.
Езус зноў сказаў: Сапраўды, сапраўды кажу вам: Я — брама для авечак. Усе, колькі іх прыходзіла перада Мною, гэта злодзеі і злачынцы, і авечкі не паслухалі іх. Я — брама. Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены, і ўвойдзе, і выйдзе, і знойдзе пашу. Злодзей прыходзіць дзеля таго, каб красці, забіваць і нішчыць. Я прыйшоў, каб вы мелі жыццё і мелі ў дастатку.
Гэта слова Пана.
Сёння, у Евангеллі, Езус карыстаецца дзвюма метафарамі, якія адносяцца да Яго самога: Ён пастыр. І Ён брама. Езус – добры пастыр, які ведае авечак. «Ён кліча іх па імені» (Ян 10,3). Для Езуса мы не нумары; з кожным Ён мае асабісты кантакт. Евангелле – гэта не проста дактрына: гэта асабістае абавязацельства Езуса перад намі.
І Ён не толькі ведае нас асабіста. Ён таксама любіць нас асабіста. «Ведаць» у Евангеллі паводле Яна – гэта не проста акт разумення, але акт узаемаадносін з блізкім чалавекам. Такім чынам, Езус носіць кожнага з нас у Сваім сэрцы. І мы павінны ведаць Яго менавіта так. Веданне Езуса – гэта не толькі акт веры, але таксама дабрыні, любові. «Праверце, ці ведаеце вы Яго – казаў Грыгорый I, каментуючы гэты тэкст – не праз тое, што верыце, але праз любоў». А любоў выяўляецца ва ўчынках.
Езус – таксама брама. Адзіная брама. «Калі хто ўвойдзе праз Мяне, будзе збаўлены» (Ян 10,9). І трохі далей падкрэслівае: «Ніхто не прыходзіць да Айца інакш, як толькі праз Мяне» (Ян 14,6). Сёння няправільна зразумелы экуменізм прыводзіць да таго, што некаторыя лічаць, быццам Езус – адзін з многіх збаўцаў: Езус, Буда, Канфуцый…, Магамет, ці хіба гэта важна!? Не! Хто будзе збаўлены, будзе збаўлены праз Езуса Хрыста, нават калі ў гэтым жыцці не ўсведамляе гэтага. Хто змагаецца, каб рабіць дабро, усведамляе ён гэта ці не, робіць гэта праз Езуса. Мы ж дзякуючы дару веры ведаем пра гэта. Дзякуй за гэта. Давайце прыкладзем намаганні, каб прайсці праз браму, якая, хоць і вузкая, але Езус адчыняе яе нам насцеж. І сведчым пра тое, што ўся наша надзея – у Ім.