У гэтым годзе ва Ўрачыстасць Спаслання Святога Духа чытаецца фрагмент з Евангелля паводле св. Яна. Гэта Янава версія Спаслання Святога Духа, іншая, чым апісанне, якое дае нам св. Лука ў Дзеяў Апосталаў.
У сённяшнім перыкопе мы сустракаем Езуса, які спасылае на Апосталаў Духа ў вечар Уваскрасення. Гэта ані не супярэчыць гістарычнай візіі Лукі. Ян падкрэслівае праўду, што Святы Дух прыходзіць разам з Уваскрослым. Дарам Уваскрослага Езуса з’яўляецца перш за ўсё супакой. Апосталы, сабраныя ў Вячэрніку, якія асцерагаліся юдэйскіх правадыроў, поўныя пачуцця безнадзейнасці, атрымліваюць ад Езуса дар супакою, які аддаляе іх страх. Езус затым паказвае сваё ўваскрослае цела з ранамі, знакамі сваёй Мукі. Гэта знак, які ўзгадняе Яго словы і ўчынкі – Яго Уваскрасенне.
Атрымаўшы супакой, Апосталы цяпер пасланыя так, як Ён быў пасланы Айцом. Для выканання місіі яны атрымліваюць падтрымку і моц. Гэта дыханне Духа Святога. Яно нагадвае тое дыханне жыцця, якое Бог учыніў у акце стварэння першых людзей у садзе Эдэм. У Раі Бог удыхнуў у чалавека, робячы яго жывой істотай.
Цяпер Уваскрослы дыхае на вучняў, перадаючы ім новае, сваё жыццё, вольнае ад смерці і граху. Дзякуючы Святому Духу вучні будуць адзіныя з Уваскрослым Езусам і будуць мець удзел у Яго жыцці. Напрыканцы Езус адорвае вучняў уладай адпушчэння грахоў. Робіць іх шафарамі Божага міласэрнасці, дзякуючы Святому Духу. У гэтым і заключаецца дар новага жыцця і надзея вернікаў – Святы Дух апраўдвае грэшнікаў. Мы маем Святога Духа, Які робіць нас вольнымі.