ЕВАНГЕЛЛЕ
Мц 2, 13–15. 19–23
Вазьмі Дзіця і Маці Яго, і ўцякай у Егіпет
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
Калі мудрацы адышлі, вось, анёл Пана з’явіўся Юзафу ў сне і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго і ўцякай у Егіпет, і будзь там, пакуль не скажу табе; бо Ірад будзе шукаць Дзіця, каб загубіць Яго. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго ноччу і пайшоў у Егіпет, і быў там да смерці Ірада. Так збылося сказанае Панам праз прарока: З Егіпту паклікаў Я Сына Майго.
А калі Ірад памёр, вось анёл Пана з’явіўся ў сне Юзафу ў Егіпце і сказаў: Устань, вазьмі Дзіця і Маці Яго ды ідзі ў зямлю Ізраэля, бо памерлі тыя, хто хацеў забіць Дзіця. Ён устаў, узяў Дзіця і Маці Яго і прыйшоў у зямлю Ізраэля.
Але пачуўшы, што ў Юдэі валадарыць Архелай замест бацькі свайго Ірада, пабаяўся ісці туды. І, атрымаўшы ў сне наказ, пайшоў у Галілейскую зямлю. Прыйшоўшы, пасяліўся ў горадзе, які называецца Назарэт, каб збылося сказанае прарокамі, што Ён будзе названы Назаранінам.
Гэта слова Пана.
Сёння ў свята Святой Сям’і мы яшчэ раз пакліканы ўпэўніцца, што сям’я – гэта галоўнае месца для канкрэтнай практыкі веры. У той час, калі сям’я падвяргаецца такім моцным ударам (напрыклад, частыя разводы), Бог звяртаецца да нас са сваім Словам, якое сведчыць, што вера ў Яго – гэта падмурак, аснова кожнай сям’і. Так было ў выпадку Святой Сям’і.
Нездарма св. Юзаф сёння прадстаўлены ў Евангеллі як тройчы “паслухмяны” Богу: “Уцякай!”, “Вярніся!”, “Ідзі ў Галілею!”. Святы Мацвей двойчы падкрэслівае, што Юзаф “выканаў” слова Пан. Вера – гэта не прытрымлівацца ўласнага мыслення; яна становіцца “дзеяннем”, “канкрэтнай паставай”. Юзаф устаў і зрабіў так, як загадаў яму Бог. У Кнізе Мудрасць Сіраха такая актыўная пастава называецца “паслухмянасцю Пану”. У Псальмах такая пастава апісваецца як “боязь Божая”, у той час як у св. Паўла тая ж тэма выражана двума магутнымі формуламі: “Усё, што вы робіце словам ці ўчынкам, усё рабіце ў імя Пана Езуса”, бо “як дараваў вам Пан, так і вы” даруйце і жывіце.