Дарагія Браты і Сёстры!

Як важна для нас тое, што Езус кажа гэтыя словы: “Няхай не трывожыцца сэрца вашае. Верце ў Бога і ў Мяне верце” (Ян. 14:1). Найперш становіцца зразумела, што Бог ведае, што мы можам трывожыцца і сумнявацца. Ён не гаворыць, што гэта дрэнна. Але тое, што Ён заклікае нас не трывожыцца, азначае, што ёсць нешта лепшае для чалавечага сэрца. Ёсць радасць, весялосць, супакой, і ўсё гэта даецца нам як плён веры. Менавіта таму Пан заклікае нас верыць, пераадольваючы верай збянтэжанасці і сумневы. Праўда, гэта не азначае, што тут жа да нас прыйдуць радасць і супакой, таму што Бог чакае ад нас веры незалежна ад таго, што адбываецца навокал, і жадае нашай сталасці. Таму першы верш сённяшняга ўрыўка можна прыняць як дэвіз жыцця, падказаны Самім Богам.

Далей, 11-ы верш з сённяшняга Евангелля — “Верце Мне, што Я ў Айцу і Айцец ува Мне. А калі не, то верце дзеля саміх учынкаў” – адзін з найважнейшых у нашым жыцці. Бог заклікае нас верыць Яму, Яго словам аб тым, што Ён знаходзіцца ў Айцу і Айцец у Ім. Але ў той жа час Ён ведае, што часам нам недастаткова ніякіх слоў для таго, каб паверыць. Тады Ён кажа аб справах, заклікаючы верыць Яму па справах. І вось перад намі адкрываецца дзіўныя Божыя мудрасць і міласэрнасць: Езус прапануе нам дарогу “веры”, дапамагаючы ўступіць на яе калі не адразу верай у словы Яго, то сузіраннем таго, што Ён здзяйсняе. І калі так кажа Бог, то гэтага дастаткова для веры ў Яго, а значыць — для нашага збаўлення. Сам Езус у сваіх справах увесь час аказваецца вышэй за чалавечыя магчымасці — у сваёй праведнасці, вернасці, любові да Бога і людзей, у здзяйсненні цудаў. Непрадузяты разгляд Ягоных спраў можа падштурхнуць нас да даверу Яму, а ад гэтага ўжо невялікі крок да веры ў Яго.

На шлях увасаблення веры ў паўсядзённае жыццё, няхай усіх вас благаславіць Айцец і Сын, і Дух Святы. Амэн