ЕВАНГЕЛЛЕ (клікніце каб раскрыць)
Мц 6, 1–6. 16–18
Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе
+ Чытанне святога Евангелля паводле Мацвея.
У той час:
Езус сказаў сваім вучням: Глядзіце, не чыніце справядлівасці вашай перад людзьмі, каб яны бачылі. Інакш, не атрымаеце ўзнагароды ад Айца вашага, які ў нябёсах.
Калі даеш міласціну, не трубі перад сабою, як робяць крывадушнікі ў сінагогах і на вуліцах, каб людзі хвалілі іх. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду.
Калі даеш міласціну, няхай не ведае твая левая рука, што робіць правіца твая, каб міласціна твая была патаемнай. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
І калі молішся, не будзь, як крывадушнікі. Бо яны любяць маліцца, стоячы ў сінагогах і на рагах вуліц, каб паказацца перад людзьмі. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. Ты ж, калі молішся, увайдзі ў пакой свой і, зачыніўшы дзверы свае, маліся да Айца твайго, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Калі посціце, не будзьце панурымі, як крывадушнікі. Бо яны закрываюць свае твары, каб людзі бачылі, што яны посцяць. Сапраўды кажу вам: яны атрымліваюць сваю ўзнагароду. А ты, калі посціш, намасці галаву сваю і абмый твар свой, каб паказаць, што посціш, не перад людзьмі, але перад Айцом тваім, які ў таемнасці. І Айцец твой, які бачыць патаемнае, аддасць табе.
Гэта слова Пана.
Асноўная думка сённяшняга Евангелля змяшчаецца ўжо ў першым сказе: беражыцеся, каб вы не здзяйснялі пабожных спраў перад людзьмі, каб яны бачылі вас.
Таму, калі нашы дзеянні будуць выключна “медыяльнымі”, яны не маюць перад Богам ніякай каштоўнасці. Ужо тут-і толькі тут – на зямлі, мы атрымаем за іх узнагароду. Таму мы павінны сачыць за сабой, каб нашы добрыя справы не мелі ў якасці асноўнага матыву жадання”паказаць сябе”.
Езус пералічвае тры тыповых для Юдэйскай пабожнасці справы і робіць гэта ў важным для справы парадку: міласціна, малітва і пост.
Міласціна на першым месцы, таму што гэта стаўленне да іншага чалавека, і чалавек у вачах Бога заўсёды на першым месцы.
Малітва – гэта стаўленне да Бога, і яна на другім месцы, таму што да Бога Мы вандруем заўсёды праз другога чалавека і разам з ім.
І, нарэшце, пост, то ёсць стаўленне да сябе. Яна ў канцы, хоць і не ў апошнюю чаргу.
Гэтыя тры добрыя справы заўсёды павінны здзяйсняцца разам, таму што малітва без міласціны “стэрыльная”, гэта значыць (з латыні) “бясплодная”, і калі мы хочам, каб яна дасягнула нябёсаў, то, як кажа святы Аўгустын, мы павінны даць ёй два крыла: міласціну і пост. Гэтыя тры адносіны: да іншага чалавека, да Бога і да самога сябе заўсёды павінны ісці”рука аб руку”.