Сёння мы чытаем слова, якое запрашае нас паглыбіцца ў таямніцу Божай міласэрнасці. Яна адкрываецца ў пакліканні мытніка Мацвея вучнем Езуса. Уся сцэна адбылася вельмі хутка. На слова Езуса Мацвей устаў і пачаў суправаджаць Настаўніка.
Шчаслівы і ўдзячны Езусу, ён зрабіў банкет у сваім доме, на які запрасіў сваіх знаёмых і сяброў, таксама мытнікаў. Фарысеі называлі іх грэшнікамі, бо яны збіралі падаткі з яўрэяў на карысць рымлян. Сярод гэтых людзей апынуўся і Езус. І менавіта гэта было прычынай найбольшага спакушэння і абурэння фарысеяў.
У той культуры сумеснае сядзенне за сталом было выразам блізкасці. Дзяленне ежай сімвалізавала дзяленне жыццём. Фарысеям жа не ўкладалася ў галаву, каб есці і піць з людзьмі, якія займаліся прафесіяй, якую лічылі грэшнай. Езус, адказваючы на гэтыя пытанні, спачатку тлумачыць, што Яго місія адпускаць грахі — гэта дзеянне паводле ўзору лекара, які ідзе да хворых. Цытуючы ж фрагмент прароцтва Асіі, Езус нагадвае, што Бог прагне міласэрнасці, а не ахвяраў.
Гэтыя словы былі сур’ёзным абвінавачваннем супраць тых ізраільцян, якія імкнуліся схаваць свае цяжкія грахі праз вонкавыя акты пабожнасці, такія як складанне ахвяраў.
Фарысеі таксама былі пакліканы да таго, каб не дазваляць вонкавым практыкам замяняць упартую любоў, якая павінна быць аказана Богу, але і людзям, у тым ліку грэшнікам і мытнікам. Бог так менавіта любіць і такой любові прагне ад чалавека. Ён прагне, каб любоў была зместам веры, а не толькі заснаваным на звычаі складанне ахвяр.