Сёння мы чуем ужо апошнюю частку місійнай прамовы Езуса, запісаную ў Евангеллі паводле святога Мацвея. Словы Езуса датычацца не толькі апосталаў, пасланых на місію. Кожны веруючы хрысціянін ёсць вучнем Пана, а значыць і місіянерам, пасланым абвяшчаць Божае Валадарства. Езус у сваёй прамове прадказвае падзелы сярод людзей, выкліканыя Ягоным абвяшчэннем.

Радыкалізм патрабаванняў Валадарства будзе выклікаць варожыя рэакцыі, а гэта будзе ўносіць нязгоду і падзелы ў сем’ях і сярод самых блізкіх людзей. У такіх сітуацыях вучні Езуса будуць падвяргацца выпрабаванню. Гэта будзе праверкай, ці годныя яны звацца вучнямі Езуса. Нягодны Вучыцеля той, хто больш за Яго любіць сваіх блізкіх: бацьку, маці, сына, дачку. Езус жадае, каб вернасць Яму ставілася вышэй за лаяльнасць да сям’і. Вядома, не ідзе пра тое, каб пакінуць усе зямныя любові дзеля дэспатычнага Бога. Ідзе пра тое, каб аддаць Яму першае месца сярод усіх гэтых адносін. Так адбываецца таму, што хто любіць сваю сям’ю больш за Езуса, не будзе здольны ісці Ягонай дарогай – не зможа прыняць рэальнасць Крыжа. Паводле Езуса, прыняцце Крыжа несумяшчальнае з пошукам сэнсу жыцця на ўласную руку праз імкненне да ўласных карысцяў.

Хто хоча сам выратаваць свае жыццёвыя скарбы, страціць іх. Адбяруць іх няшчасце, хвароба або смерць. Толькі праз адданне сябе Богу мы можам перажыць трывалае выкананне, якога хоча для нас Бог. Ён заклікае нас не толькі да прыняцця дробных нязручнасцяў і жыццёвых цяжкасцяў. Пан хоча, каб мы былі гатовыя аддаць усё – калі гэта неабходна, нават сваё жыццё – каб ісці за Ім.