Сёння Езус паказвае нам дзве рэальнасці, якія Яго акрэсліваюць: што Ён ёсць Тым, Хто ведае Айца ва ўсёй глыбіні, і што Ён ёсць «ціхі і пакорны сэрцам» (Мц 11, 29). Мы можам таксама адкрыць у гэтым дзве паставы, неабходныя для таго, каб зразумець і перажыць тое, што Езус нам прапануе: прастату і імкненне наблізіцца да Яго.

Мудрым і разважлівым часта цяжка зразумець таямніцу Валадарства, таму што яны не адкрытыя на новае аб’яўленне Божае; Бог не перастае аб’яўляць сябе, але яны думаюць, што ўжо ведаюць усё, і з гэтай прычыны Бог ужо не можа іх здзівіць. Людзі простыя, наадварот, падобныя да дзяцей у іх лепшыя гады – яны адчувальныя, яны як губка, якая ўбірае ваду, яны маюць здольнасць здзіўляцца і захапляцца. Бываюць і выключэнні – ёсць таксама эксперты ў чалавечай навуцы, якія здольныя быць пакорнымі адносна таго, што тычыцца спазнання Бога.

У Айцу Езус знаходзіць свой спачын, і Яго супакой можа быць прытулкам для ўсіх тых, каго жыццё пакрыўдзіла: «Прыйдзіце да Мяне ўсе, хто спрацаваны і абцяжараны, і Я вас суцяшу» (Мц 11, 28). Езус ёсць пакорны, а пакорнасць ёсць сястрой прастаты.

Калі мы вучымся быць шчаслівымі праз прастату, многія складанасці вырашаюцца, многія патрэбы знікаюць, і ўрэшце мы можам адпачываць. Езус запрашае нас ісці за Ім; Ён нас не падманвае: быць з Ім – гэта несці свой цяжар, узяць на сябе патрабаванні, якія ставіць любоў. Нам не будзе пашчаджана пакута, але яе цяжар лёгкі, бо наш боль не будзе ўспрымацца намі эгаістычна, а мы будзем пакутаваць столькі, колькі неабходна, і пераадолеем гэта праз любоў і з дапамогай Духа. Акрамя таго, не забывайма, што «супярэчнасці, якія церпяць дзеля Бога, палягчаюцца надзеяй» (св. Яфрэм).