«Вось сеяч выйшаў сеяць»
Сёння мы разважаем над прыпавесцю пра сеяча. Яна мае асаблівую сілу і чароўнасць, бо гэта слова самога Пана Езуса.
Пасланне яснае: Бог шчодра сее, але плады Ягонага севу залежаць таксама — і адначасова — ад нашага свабоднага прыняцця. Тое, што плод залежыць ад зямлі, на якую ён падае, пацвярджае нам штодзённы вопыт. Напрыклад, сярод вучняў у адной школе і ў адным класе адны заканчваюць з пакліканнем, а іншыя — атэістамі. Яны чулі тое самае, але зерне ўпала на розную глебу.
Добрая глеба — гэта наша сэрца. Часткова гэта справа прыроды, але найперш залежыць ад нашай волі. Ёсць людзі, якія воляць карыстацца, чым станавіцца лепшымі. У іх збываецца прыпавесць: цярніна (гэта значыць клопаты дачасныя і зман багацця) «глушыць слова, так што яно застаецца бясплодным» (Мц 13,22).
А наадварот, тыя, хто цэніць быццё, з любоўю прымаюць Божае зерне і робяць яго плодным. Нават калі гэта азначае ўмеранасць дзеля сябе. Хрыстус прадказаў: «Калі пшанічнае зерне, упаўшы ў зямлю, не памрэ, застанецца само, але калі памрэ, прыносіць багаты плён» (Ян 12,24). Пан таксама папярэдзіў нас, што шлях да збаўлення вузкі і цесны (пар. Мц 7,14): што многа вартае, многа каштуе. Нішто каштоўнае не прыходзіць без намаганняў.
Хто паддаецца сваім прыхоцям, будзе мець сэрца як дзікія хмызнякі. Наадварот, пладовыя дрэвы, якія падразаюць, даюць лепшыя плады. І гэтак святыя не мелі лёгкага жыцця, але сталі прыкладам для чалавецтва. «Не ўсе пакліканы да пакутніцтва, гэта пэўна, але да дасягнення хрысціянскай дасканаласці. Але цнота патрабуе сілы (…) яна заклікае доўгай і працавітай справы, якой мы ніколі не павінны перарываць да самай смерці. Так што яе можна акрэсліць як павольнае і ўстойлівае пакутніцтва» (Пій XII).